Грамадства
Прыём грамадзян і прамую лінію правёў старшыня аблвыканкама Іван Крупко
20.12.2023

Прыём грамадзян і прамую лінію правёў старшыня аблвыканкама Іван Крупко
За тры гадзіны да губернатара звярнуліся дзесяць чалавек. Традыцыйна пытанні датычыліся ў асноўным сферы ЖКГ: якасць дарог і водазабеспячэння, добраўпарадкавання. Жыхары вобласці прасілі таксама дапамогі ў вырашэнні зямельных спрэчак.
Гамяльчанка Алена Эдуардаўна прыйшла на прыём для вырашэння некалькіх пытанняў: устанавіць пандус і пад'ёмнік у яе доме № 15 па вуліцы Сялянскай абласнога цэнтра, абмежаваць рух транспарту па двары і вярнуць скрыжаванне вуліц Кірава і Сялянскай. Напярэдадні прыёму з заяўніцай сустрэліся работнікі сацыяльнай службы. Ёсць дамоўленасць, што для маці Алены Эдуардаўны – інваліда I групы – закупяць крэсла для транспарціроўкі. З меркаванняў пажарнай бяспекі пандус пры ўваходзе ў пад'езд устанавіць нельга, толькі пад'ёмнік.
– Давядзіце вырашэнне пытання да канца, разгледзьце некалькі варыянтаў і выберыце аптымальны, каб было зручна ўсім, – дае даручэнне кіраўніку адміністрацыі Цэнтральнага раёна Гомеля Іван Крупко.
Разабрацца, якім менавіта мусіць быць рух транспарту па вуліцы Сялянскай, гарадскія ўлады будуць вырашаць разам з ДАІ. Па гэтай нагодзе таксама ёсць некалькі прапаноў – павялічыць колькасць парковачных месцаў у дзіцячай паліклінікі, зачыніць унутрыдамавую тэрыторыю, усталяваць шлагбаўм. Пасля дэталёвага разгляду дадуць пісьмовы адказ.
Перакрыжаванне на перасячэнні з вуліцай Кірава вяртаць не будуць: за час работы кальцавых развязак напалову скарацілася колькасць ДТЗ, у тым ліку са смяротным зыходам, палепшылася экалагічная абстаноўка ў цэнтры горада.
Яшчэ два звароты паступілі з Гомельскага раёна: Віктар Трафімавіч з пасёлка Царкоўе просіць пракласці асфальт да свайго населенага пункта з вёскі Лапаціна. Цяпер дарога ёсць, гравійная, у 2019 годзе яе абнавілі. Мэтазгоднасці ў кладцы асфальта дарожнікі не бачаць, паколькі для гэтага нагрузка на трасу павінна быць больш за 500 машын у суткі, а цяпер па дарозе ездзіць максімум 210 аўтамабіляў у 24 гадзіны.
– Не бачачы праграмы па ўладкаванні дарог на 2024 год, дакладнага рашэння прыняць не магу. План фарміруецца, калі ўсё будзе вядома, дашлем вам разгорнуты адказ, – падагудьніў старшыня аблвыканкама.
Жыхарка пасёлка Іванькоў незадаволена якасцю вады. На яе ўчастку ёсць калодзеж і свідравіна, але піць з іх нельга: паводле аналізаў абласной санслужбы, крыніцы забруджаныя нітратамі і нітрытамі. Вадаправод у населеным пункце адсутнічае. Калодзеж пачысцяць, але з-за надвор'я толькі вясной, а вырашаць пытанне трэба зараз.
– Арганізуйце падвоз пітной вады аўтакрамай, каб людзі маглі выкарыстоўваць яе ў харчовых мэтах. Па магчымасці трэба пачысціць калодзеж раней за сакавік, – па-ставіў задачу старшыні Гомельскага райвыканкама Дзмітрыю Козелу губернатар.
Пенсіянерка з Чарацянкі Ганна Міхайлаўна першай датэлефанавалася на прамую лінію. Жанчына незадаволеная асартыментам хлеба ў мясцовых крамах і просіць арганізаваць падвоз выпечкі з Гомеля.
– Не бачу ніякіх праблем, хлеба дастаткова, разнастаім ваш асартымент, – даў адказ Іван Крупко.
Цікавіць пенсіянерку і пытанне продажу малака напрамую ад мясцовай гаспадаркі. Арганізаваць гэта нельга, адзначыў кіраўнік рэгіёну: каб сельгаспрадпрыемства магло прадаваць сыравіну, патрэбна перапрацоўка і адкрыццё гандлёвага пункта. У мясцовай фермы "Знамя Радзімы" такой магчымасці няма.
Жыхар вуліцы Паркавай у Навабеліцы абласнога цэнтра Віктар Рыгоравіч наракае, што адзіная канава для адталых вод знаходзіцца ў неналежным стане: "Як толькі пачынае раставаць снег, мы ўсё тонем. Чысцім сваімі сіламі – хто граблямі, хто лапатай. У мінулым годзе трактарыст дапамог. Цяпер сітуацыя паўтараецца, што рабіць, не ведаем".
Разбірацца камунальнікі будуць на месцы – брыгаду адправілі адразу пасля прамой лініі.
– Пасля леташняй паводкі распрацавана некалькі праектаў для ліквідацыі наступстваў. Спецыялісты правераць, ці ўключаны ваш адрас у праекты. Пасля будзем абмяркоўваць пытанне, – растлумачыў алгарытм дзеянняў старшыня аблвыканкама.
Жыхары Зябраўкі просяць своечасова прыбіраць снег – пасля вялікага снегападу на праезнай частцы ўтварылася глыбокая каляіна, транспарт буксуе. Пешаходы замест тратуараў вымушаны хадзіць па дарозе. Пасля прамой тэлефоннай лініі спецыялісты выедуць у населены пункт, ацэняць сітуацыю.
Усе звароты падрабязна вывучаць профільныя ведамствы, заяўнікам дадуць пісьмовыя адказы.