Грамадства
Прамы рэйс "Белавія" злучыў Гомель і Маскву
30.10.2023

Борт беларускай авіякампаніі вылецеў з міжнароднага аэрапорта Унукава 29 кастрычніка ў 17.40, а праз паўтары гадзіны прызямліўся ў гомельскім аэрапорце. Праз гадзіну ён уляцеў з пасажырамі назад у расійскую сталіцу.
У гонар запуску новага напрамку былі арганізаваны ўрачыстыя мерапрыемствы: ва Унукава разам з кіраўніцтвам "Белавія" і аэрапорта пасажыраў віталі прадстаўнікі Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі, а ў Гомелі – намеснік старшыні аблвыканкама Андрэй Бараноўскі, старшыня Гомельскага гарвыканкама Уладзімір Прывалаў, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Таццяна Абель, архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан, прадстаўнікі Россупрацоўніцтва.
Адной з першых да стойкі рэгістрацыі падышла гамяльчанка Анастасія Старыкава. Яна разам з сябрам ляцела ў Маскву, каб там перасесці на рэйс у Дубай. "Жыву за пяць хвілін язды ад аэрапорта. Так што вельмі зручна дабірацца. Рада, што адкрылі рэйс – паўтары гадзіны, і ты ўжо без перасадак ва Унукава. Пасля адпачынку планую дабірацца да роднага Гомеля на самалёце", – расказала дзяўчына.
Анастасія і Георгій Чавусавы паляцела ў расійскую сталіцу на выхадныя – проста адпачыць і прагуляцца. Прызналіся, калі не было б рэйса, то выходныя правялі неяк інакш. Наступны палёт запланавалі ў снежні, на навагоднія святы.
У 19.05 надышоў момант, якога так доўга чакалі: першы борт новага маршруту прызямліўся ў Гомельскім аэрапорце. Пасажырам падрыхтавалі сюрпрыз: сустракалі хлебам-соллю, дарылі сувеніры, а струнны квартэт ствараў музычны настрой.
– Працую ў Маскве. І якраз пачатак водпуску супаў з адкрыццём гэтага рэйса. Вельмі спадабалася абслугоўванне. Назад таксама абавязкова палячу, – прызнаўся ўраджэнец Гомеля Іван Насон.
Масквічка Наталля Пятрова з сынам Фёдарам прыляцела да сваякоў. Яна таксама, як і іншыя пасажыры, высока ацаніла камфорт у самалёце. Улічваючы прамыя авіязносіны паміж гарадамі, будзе прылятаць значна часцей.
– Ужо зараз можна з упэўненасцю сказаць: рэйс Гомель – Масква – Гомель запатрабаваны пасажырамі, – адзначыў генеральны дырэктар «Белавія» Ігар Чаргінец. – Мы назіраем добры попыт як на бліжэйшыя даты, так і на больш познія. Першапачаткова планавалася, што першы рэйс будзе выкананы на паветраным судне Embraer 175, але з-за высокага попыту борт заменены на больш прасторны Embraer 195. Прыляцела ў Гомель 100 чалавек, паляціць больш за 90. З улікам замены загрузка на першым рэйсе перавысіла 70 працэнтаў, а на некаторых наступных рэйсах яна ўжо дасягае 90 працэнтаў.
Намеснік генеральнага дырэктара па аэрапорце – начальнік Гомельскага філіяла "Белаэранавігацыя" Уладзімір Чаравухін падкрэсліў: аэрапорт поўнасцю гатовы сустракаць і абслугоўваць пасажыраў. Першыя паведамленні аб адкрыцці рэйса былі вельмі пазітыўна ўспрыняты людзьмі: у сацыяльных сетках пакідалі мноства станоўчых каментарыяў, а ўжо праз два тыдні цікавіліся, калі з'явяцца і іншыя напрамкі. "У студзені будуць здзяйсняцца рэйсы ў егіпецкі Шарм-эль-Шэйх. У "Белавія" ёсць планы адкрыць новыя кірункі, напрыклад у турэцкую Анталлю, але пакуль штосьці дакладней сказаць не магу. Няхай гэта будзе сюрпрыз. Што тычыцца кірунку Гомель – Масква, калі будзе павышаны попыт, магчыма перагледзець расклад і арганізаваць палёты кожны дзень", – дадаў Уладзімір Чаравухін.
Першым рэйсам у наш горад прыляцеў дырэктар па авіяцыйнай камерцыі міжнароднага аэрапорта Унукава Максім Шышко. Ён таксама выказаў надзею на павелічэнне колькасці рэйсаў па дадзеным маршруце і нагадаў: Унукава – самы зручны аэрапорт з пункту гледжання транспартнай даступнасці. У верасні ў тэрмінале адкрылася станцыя метро, і дабрацца да Масква-Сіці можна за 45 хвілін.