Грамадства
Прамую лінію правёў старшыня аблвыканкама Іван Крупко
05.02.2025

Да кіраўніка рэгіёна датэлефанаваліся дзевяць жыхароў вобласці. Званкі паступілі з Гомеля, Добруша, Акцябрскага, Лельчыцкага раёна. Прагучалі пытанні аб выдзяленні жылля, аказанні медыцынскай дапамогі, афіцыйным афармленні гаража, транспартных зносінах.
Маці траіх дзяцей Наталля Георгіеўна жыве ў Гомелі па вуліцы Кірава. Ужо некалькі месяцаў сусед знізу не дае спакойна жыць маладой сям'і: па начах у яго кватэры пастаянныя крыкі і музыка. Пры гэтым ён спасылаецца на тое, што служыў у органах і лічыць, што мае права весці такі лад жыцця. Шматдзетныя бацькі неаднаразова выклікалі міліцыю, звярталіся да ўчастковага, аднак гэта не дапамагае.
– Прапрацую пытанне з УУС аблвыканкама, возьмем пад назіранне вашага суседа і вырашым гэтае пытанне. Такія паводзіны недапушчальна нікому, – даў адказ губернатар.
Марына Паўлаўна з Добруша расказала, што некалькі гадоў у яе праблемы са зрокам. З-за шматлікіх абследаванняў яна не можа ўладкавацца на працу. Кіраўнік рэгіёна запэўніў, што пасля комплекснага агляду жанчыне дапамогуць з працаўладкаваннем.
Праз участак прыватнага дома Міхаіла Анатольевіча па вуліцы Цыялкоўскага ў Гомелі праходзіць лінія электраперадачы. Провад правісае і можа быць пашкоджаны пладовымі дрэвамі, непакоіцца гараджанін. У бліжэйшы час лінію правераць на трываласць і разгледзяць магчымасць вываду провада за межы домаўладання.