Грамадства
Праект «Пуцёўка ў жыццё» стартаваў на Гомельшчыне
21.12.2023

Для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў будуць арганізоўваць сустрэчы з вядомымі выпускнікамі ВНУ. Ініцыятыва належыць абласному аддзяленню Беларускай партыі "Белая Русь".
Першая дыскусійная пляцоўка прайшла ў ГДТУ імя П. В. Сухога. У якасці спікераў выступілі старшыня абласнога аддзялення, дырэктар Гомельскага хімічнага завода Дзмітрый Чарнякоў і намеснік генеральнага дырэктара "Белэнерга" Сяргей Бабовіч.
Пачэсныя госці падзяліліся ўспамінамі пра студэнцкія гады, паразважалі аб ролі альма-матэр, адказалі на пытанні моладзі.
– Студэнцтва вельмі важны і цікавы час у жыцці: учарашнія школьнікі становяцца больш самастойнымі. Перыяд новых знаёмстваў і магчымасцяў, але як імі скарыстацца, залежыць толькі ад юнакоў і дзяўчат, – адзначыў Дзмітрый Чарнякоў.
Сяргей Бабовіч звярнуў увагу на тое, што дыплом – гэта проста дакумент. Самае галоўнае – веды і ўменні, атрыманыя ў ходзе навучання. Намеснік генеральнага дырэктара "Белэнерга" падкрэсліў: сёння Гомельскі палітэх канкурыруе са сталічнымі ВНУ, яго выпускнікі паспяхова працуюць на вядучых прадпрыемствах галіны.