Грамадства
Прадстаўнікі МУС Беларусі і Расіі абмяркоўваюць у Гомелі пытанні прыгранічнага супрацоўніцтва
30.10.2023

Удзельнікамі сустрэчы сталі праваахоўнікі Гомельскай, Віцебскай і Магілёўскай абласцей Беларусі, а таксама Пскоўскага, Бранскага і Смаленскага рэгіёнаў Расіі. На гасціннай гомельскай зямлі іх вітаў намеснік старшыні аблвыканкама Дзмітрый Алейнікаў.
Асноўную ўвагу надалі супрацоўніцтву ў галіне супрацьдзеяння незаконнай міграцыі. А таксама ўзаемадзеянню транспартнай міліцыі дзвюх краін у рамках кантролю за рэжымам знаходжання замежных грамадзян, якія едуць чыгуначным або авіятранспартам.
– Кампетэнтныя органы Беларусі і Расіі плануюць да рэалізацыі сумеснае пагадненне аб узаемным прызнанні віз. Гэта прадугледжвае адзіную візавую прастору і свабоднае перамяшчэнне замежных грамадзян на тэрыторыі дзвюх дзяржаў па адной візе, – адзначыў начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун. – Таму асабліва важна прыгранічным рэгіёнам выпрацаваць механізм узаемадзеяння пры кантролі за міграцыйным рухам, а таксама наладзіць агульныя інфармацыйныя рэсурсы, куды будзе сцякацца ўся інфармацыя адносна гэтай катэгорыі асоб.
Як паведаміў начальнік УУС Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Шастайла, сёлета скарацілася колькасць злачынстваў, учыненых замежнымі грамадзянамі і асобамі без грамадзянства. З 17 тысяч расіян, якія пражываюць на Гомельшчыне, крыху больш за адну тысячу маюць дазвол на часовае пражыванне. За межы краіны за парушэнне заканадаўства высланы 73 грамадзяніна РФ, з якіх 57 у прымусовым парадку. У 2023 годзе ў прыгранічных раёнах фіксуецца менш супрацьпраўных дзеянняў, учыненых расіянамі, чым летась. Гэтаму садзейнічалі як спецмерапрыемствы, так і павышэнне прававой пісьменнасці насельніцтва.
Першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па пытаннях міграцыі МУС Расіі Кірыл Адзінаў падкрэсліў, што COVID-19 і спецыяльная ваенная аперацыя істотна змянілі міграцыйны ландшафт. Патокі, якія раней былі, спыніліся, затое адчыняюцца новыя дзверы. Таму сумесная работа праваахоўнікаў дзвюх краін дасць магчымасць своечасова выяўляць усе дэструктыўныя элементы і ліквідаваць пагрозы для бяспекі Саюзнай дзяржавы.