Грамадства
"Першы нацыянальны гандлёвы дом" расчыніў свае дзверы ў сталіцы Беларусі
29.12.2023
Галоўная фішка новага гандлёвага цэнтра ў Мінску ў тым, што прадаваць тут будуць выключна беларускія брэнды. Сёння сучасны маркет адкрыў Аляксандр Лукашэнка.
"Гандлёвы дом" знаходзіцца на праспекце Незалежнасці, 134. Прастора падзелена на ўмоўныя зоны па рэгіёнах рэспублікі. Ёсць нават фудкорт. Больш за 30 прадпрыемстваў з Гомельскай вобласці размясцілася ў 18 павільёнах трэцяга паверха і гатовы даказаць, што на Гомельшчыне ведаюць толк у якасці. Адзенне ад "Камінтэрна" і "8 Сакавіка", мэбля ад "Рэчыцадрэва" і "Прагрэса", смачнасці ад "Спартака", Рагачоўскага МКК, Тураўскага малочнага камбіната, Гомельскага, Жлобінскага і Калінкавіцкага мясакамбінатаў...
Пакупнікоў парадуюць як ужо ўпадабанымі прадуктамі, так і навінкамі. А ў выставачнай зале гасцей чакаюць прэзентацыі прадукцыі, турыстычнага і аздараўленчага патэнцыялу Гомельшчыны – нам ёсць чым здзівіць і ўразіць нават самых патрабавальных кліентаў.
Першы госць – Аляксандр Лукашэнка – ацаніў навінкі з Добруша – гэта фарфор з лічбавым друкам, упрыгожванні "Крышталя" і мясная прадукцыя.
Тавары пад маркай "Купляйце беларускае" даўно заслужылі аўтары-тэт і прызнанне ў пакупнікоў не толькі з Беларусі, але і з іншых краін. Цяпер турыстам будзе зручна знайсці патрэбныя прадукты, мэблю і вопратку з Сінявокай са знакам якасці, бо яны сабраны пад адным дахам. Аднак на будаўніцтве аднаго комплексу спыняцца не варта, упэўнены кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт прапанаваў маштабаваць вопыт, у тым ліку на рэгіёны і гарады Расіі:
– Чаму б не адкрыць такія гандлёвыя дамы ў Піцеры, Маскве, Смаленску, Бранску, Пскове. Побач зусім. Мы маглі б там размяшчаць свае тавары і прадаваць. Усе яны не супраць. Людзі на беларускае добра рэагуюць, ідуць насустрач.
Кіраўнік дзяржавы таксама даў некалькі даручэнняў, у тым ліку дапрацаваць інтэр'ер гандлёвага цэнтра.
Гатоўнасць гомельскай зоны "Першага гандлёвага дома" праверыў старшыня аблвыканкама Іван Крупко. Кіраўнік рэгіёна азнаёміўся з навінкамі: шакаладам без цукру ад "Спартака", упрыгожваннямі з неапрацаванымі дыяментамі ад "Крышталя", паўфабрыкатамі з мяса. Губернатар пажадаў прадаўцам поспехаў і добрых продажаў.
2024 год аб'яўлены ў рэспубліцы Годам якасці. Новы гандлёвы цэнтр стане выдатнай візуалізацыяй таго, што для беларускіх прадпрыемстваў гэтыя словы не пусты гук, а галоўны дэвіз і лад жыцця. Комплекс гатовы сустракаць гасцей з 10.00 да 22.00.
Сардэчна запрашаем за пакупкамі!