Грамадства
Першы намеснік старшыні аблвыканкама Дзмітрый Петражыцкі правёў прыём грамадзян
06.12.2023

На прыём па пытаннях сферы аховы здароўя, зямельнага заканадаўства, грамадзянска-прававых адносін да намесніка старшыні аблвыканкама звярнуліся трое чалавек.
Гамяльчанка Вікторыя паскардзілася на якасць медыцынскай дапамогі, пасля аперацыі яна адчувае сябе не зусім добра. І не змагла выконваць працоўныя абавязкі, перавялася на нізкааплатную работу. Стан здароўя працягвае пагаршацца. Першы намеснік старшыні аблвыканкама запэўніў, што медыкі абавязкова акажуць дапамогу, па жаданні заявіцельніцы – у Мінску. Пракансульціруюць, падбяруць эфектыўныя медпрэпараты.
З 2019 года ў аграгарадку Глушкавічы Лельчыцкага раёна ідзе межавая спрэчка паміж суседзямі, справа дайшла да суда. На прыём разам з адвакатам прыйшла прадстаўніца аднаго з бакоў Алена Ільінічна, якая расказала аб чарговым рашэнні суда па гэтым пытанні, прынятым у кастрычніку гэтага года. Але суседзі не жадаюць яго выконваць, працягваючы парушаць межы участкаў. Гаворка ідзе аб невялікай адлегласці – менш за метр, на што звярнуў увагу Дзмітрый Яўгеньевіч. Мяркуючы па ўсім, трыма судовымі пасяджэннямі ў гэтай справе не абысціся, трэба чацвёртае пасяджэнне суда.
Старшыня таварыства ўласнікаў Наталля Пятроўна паскардзілася на невыкананне гарантыйных абавязацельстваў двума будаўнічымі арганізацыямі Гомеля. Жыхары дома незадаволены ненадзейнымі, на іх думку, дзвярыма, падцяканнем паркінга (падземнага гаража), затрымкай устаноўкі пажарнай сігналізацыі. Ёсць яшчэ шэраг дробных нараканняў ад жыхароў. Дзмітрый Петражыцкі даручыў адказным службовым асобам дэталёва разабрацца з кожнай прэтэнзіяй і задаволіць патрабаванні калектыву ўласнікаў, але толькі тыя, якія абгрунтаваны і пацверджаны канкрэтнымі фактамі.