Грамадства
«Першая пекарня» адкрыта ў Рагачове
16.09.2024

Па даручэнні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў райцэнтры створана пякарная вытворчасць з уласнай фірмовай крамай.
Інавацыйны праект Рагачоўскага МКК увайшоў у праграму "Адзін раён – адзін праект", тут будзе створана больш за 20 працоўных месцаў, плануюць выпякаць да паўтоны розных відаў хлеба за суткі. Вытворчасць з'явілася на плошчах былога будынка Рагачоўскага хлебазавода, які не працаваў больш за два гады.
Жыхароў райцэнтра павіншаваў старшыня аблвыканкаму Іван Крупко:
– Высакародная мэта – накарміць жыхароў раёна і забяспечыць сваю гандлёвую сетку цёплым смачным хлебам натхніла кіраўніцтва МКК, праектную і будаўнічую арганізацыю на інтэнсіўную працу з максімальна дапушчальным апярэджаннем нарматыўных тэрмінаў. Сумесныя намаганні дазволілі зэканоміць месяц. Праведзена каласальная работа ад замены ўсіх камунікацый да ўстаноўкі новага сучаснага абсталявання для цестапрыгатавання, выпечкі і ўпакоўкі гатовых вырабаў.
Чорны і белы хлеб, булачкі, караваі, пышкі – прадукцыю "Першай пекарні" можна будзе знайсці на прылаўках фірменных магазінаў МКК.