Грамадства
Пасля рэканструкцыі адкрыты мемарыяльны комплекс вязням Азарыцкага лагера смерці ў Калінкавіцкім раёне
11.12.2023

Маштабная рэканструкцыя манумента, пабудаванага ў 1965 годзе, пачалася ў сакавіку. Ў Міжнародны дзень памяці ахвяраў злачынства генацыду комплекс адкрылі пасля мадэрнізацыі.
Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел старшыня аблвыканкама Іван Крупко, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Луцкі, памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Горлаў, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зянкевіч, першы намеснік міністра культуры Валерый Грамада, намеснік міністра абароны Андрэй Бурдыка, намеснік міністра аховы здароўя Аляксандр Тарасенка.
Азарыцкі лагер смерці быў створаны ў сакавіку 1944 года і праіснаваў усяго 10 дзён. Часткі вермахта, якія дыслакаваліся за два кіламетры ад Азарычаў, апынуліся ў няпростай сітуацыі – умацаваны раён напаўняўся адталымі водамі. Камандаванне разумела, што стрымаць наступ Чырвонай арміі будзе цяжка. Таму салдат адвялі на захад, а ў балоты загналі мясцовае насельніцтва – старых, жанчын і дзяцей, каб стварыць жывы шчыт. Тут упершыню прымянілі бактэрыялагічную зброю – сыпны тыф. Па разліках фашыстаў, такія жудасныя меры павінны былі забяспечыць адвод нямецкай арміі і заразіць савецкіх салдат 65-й арміі генерала Паўла Батава. Большая частка зняволеных была дзецьмі. Па ацэнках гісторыкаў, да 19 сакавіка з лагера вызвалілі больш за 33 тысячы чалавек. Сярэдняя працягласць жыцця тут была каля трох сутак. Загінулі ў лагеры не менш як 20 тысяч чалавек.
– Гэта толькі адна старонка крывавай гісторыі ваенных гадоў. Свет не забыўся і не прабачыў акт масавага злачынства супраць чалавецтва. Памяць – адзіная мера часу, а мінулае, якое захоўваецца ў памяці, ёсць частка сучаснасці. Забыцца на дзеянні фашыстаў – гэта злачынства супраць нашых продкаў, сумлення, будучыні. Настаў час абараніць гонар сцяга пераможцаў. Гэта разумеюць усе нашыя жыхары.
У грамадстве з’явілася запатрабаванасць у стварэнні мемарыялаў і абнаўленні помнікаў у гонар удзельнікаў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, падкрэсліў губернатар. Таму ў апошні час у рэгіёне ўсё часцей уводзяцца новыя і рэканструююць існуючыя аб'екты: "Ола", "Партызанская крынічка", Чырвоны Бераг і плошча Паўстання ў Гомелі.
На мадэрнізацыю Азарыцкага комплексу спатрэбілася дзевяць месяцаў, новыя аб'екты ўзводзіў Гомельскі ДСК, на будоўлі дапамагалі студатрады, а жыхары ўсёй краіны збіралі сродкі на мадэрнізацыю падчас рэгіянальнага і рэспубліканскага суботнікаў.
Былая малалетняя вязніца лагера смерці Алена Цясленка са слязамі на вачах падзякавала кіраўніцтву краіны і вобласці, а таксама ўсім неабыякавым, хто ўдзельнічаў у стварэнні абноўленага мемарыяла:
– Як зараз памятаю: мы змучаныя, у паўнепрытомным стане выходзім з канцлагера па вузкай сцяжынцы, размініраванай чырвонаармейцамі генерала Батава. Вызваленне з палону стала для мяне другім днём нараджэння. У лагеры я была з маці і дзвюма сёстрамі, там памерла мая сярэдняя сястра Оля. Кожны дзень ў лагеры мог стаць для нас апошнім. Жахі перажытага пераследуюць нас, вязняў, усё жыццё. Абавязак усіх пакаленняў памятаць аб падзеях вайны, аб яе героях і ахвярах. Каб нашы дзеці не адчувалі тых жахаў, якія выпалі на нашу долю. Моцнага здароўя, душэўнага цяпла, згуртаванасці, міру ўсім нам!
На месцы былога лагера смерці з'явіліся вежа памяці, сцяна смутку, камяні прасвятлення, барэльеф воінам-медыкам, якія папярэдзілі распаўсюджванне эпідэміі тыфа. Ёсць зона для ўскладання кветак і вянкоў, пано з архіўнымі фатаграфіямі, зробленымі пасля вызвалення вязняў у сакавіку 1944 года. Добраўпарадкавалі паркоўку, пляцоўку ля капліцы. Уздоўж краю забалочанай тэрыторыі выраслі паклонныя крыжы, з'явілася назіральная пляцоўка. Усё выканана ў адзіным стылі.
Плануецца, што цэнтрам прыцягнення турыстаў стане новы інфармацыйны павільён. Тут аформлена сюжэтная кампазіцыя ў выглядзе панарамы з васковымі фігурамі і роспісам. Даведацца пра трагічныя старонкі гісторыі можна з дапамогай інтэрактыўных стэндаў.
Памяць аб ахвярах генацыду госці ўшанавалі хвілінай маўчання, усклалі кветкі і вянкі да месца смутку.
– Цывілізаваны свет прынёс гора і знішчэнне нашага народа. На гэтай зямлі, не саромеючыся ні Бога, ні сумлення, фашысты тварылі жудасныя рэчы. Нават казаць не жадаецца – толькі маўчаць і думаць аб тым, што адбылося. Аб тым, што адбываецца сёння. Ніякага маральнага права не маюць аўстрыйцы і немцы нам нешта рэкамендаваць і раіць. Іх народ яшчэ раз павінен вярнуцца ў гісторыю і зразумець: тое, што яны зараз робяць, – гэта паўтарэнне. Наша задача захаваць мір. Проста прыйдзіце і паглядзіце, – падзяліўся з журналістамі ўражаннямі Ігар Луцкі.