Грамадства
Пасля капітальнага рамонту ў Рэчыцкім раёне адкрылі ўчастак дарогі M10
10.01.2025

Магістраль знаходзіцца паблізу ад моста праз раку Днепр. Рух па ёй запусціў старшыня аблвыканкама Іван Крупко.
Дарога пабудавана ў 1999 годзе. Інтэнсіўнасць тут высокая, каля сямі тысяч аўтамабіляў за суткі. Праз 25 гадоў эксплуатацыі палатно патрабавала капітальнага рамонту. Работа вялася бесперапынна, дзякуючы чаму ўсё было выканана ў тэрмін. Будаўнікі разлічваюць, што новае пакрыццё праслужыць каля 15 гадоў.
Рамонт быў праведзены на ўчастку ў 4,3 кіламетра: выканана фрэзероўка, выкладзена асфальтабетоннае пакрыццё, устаноўлены бар'ерная агароджа і дарожныя знакі, па даўгавечнай тэхналогіі нанесена разметка халодным пластыкам.
Увесну быў завершаны рамонт правага боку, цяпер адкрыты ўвесь участак важнай міжнароднай трасы, ён цалкам адпавядае неабходным патрабаванням і стандартам. Іван Крупко адзначыў, што такі падарунак па заслугах ацэняць не толькі жыхары нашага рэгіёна, але і ўсе кіроўцы:
– Траса якасная і бяспечная, галоўнае – камфортная для нашых людзей. Праграма рамонту дарог знаходзіцца на кантролі кіраўніка дзяржавы. За 2024 год выкананы ўсе планы, у 2025-м трэба адрамантаваць 750 кіламетраў рэспубліканскіх і мясцовых аўтамабільных дарог і больш за дваццаць мастоў і пуцеправодаў. Папрацаваць давядзецца сур'ёзна, але ўсе задачы нам пад сілу.
Зараз дарожнікі пачынаюць першую чаргу рэканструкцыі трасы М10 ад рэчыцкага кальца ў бок Калінкавічаў. Усяго запланавана пяць чэргаў. Вадзіцеляў просяць адносіцца з разуменнем і наперад прадумваць паездкі.