Грамадства
Памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Горлаў з рабочым візітам наведаў Калінкавічы
17.05.2024

На ААТ "Калінкавіцкі мясакамбінат" Юрый Горлаў азнаёміўся з вытворчым працэсам, паразмаўляў з працоўным калектывам.
Выступаючы перад работнікамі мясакамбіната, памочнік Прэзідэнта падкрэсліў, што, нягледзячы на складаную палітычную абстаноўку ў свеце, прадпрыемства працуе са станоўчай дынамікай, пашырае свой экспартны патэнцыял. Па словах дырэктара мясакамбіната Генадзя Курловіча, толькі ў беларускія сеткі штомесяц пастаўляецца каля 600 тон прадукцыі. Асартымент уражвае: 300 найменняў каўбасных вырабаў, 100 – мясных паўфабрыкатаў, вырабленых па традыцыйных рэцэптах.
На сустрэчы абмеркавалі важныя тэзісы прамовы Прэзідэнта на Усебеларускім народным сходзе.
– Сітуацыя на геапалітычнай арэне няпростая, таму для стабільнай і ўпэўненай будучыні сёння асабліва важна захаваць адзінства народа, – акцэнтаваў увагу Юрый Горлаў.
Ён падкрэсліў, што дзякуючы мудрай палітыцы Прэзідэнта прадпрыемствы ў краіне паспяхова працуюць, развіваецца сацыяльная сфера.
У сітуацыі, калі маральныя арыенціры ва ўсім свеце пахіснуліся, кожнаму важна сфарміраваць грамадзянскую пазіцыю.
– Такую, каб не падвесці ні сябе і сваю сям'ю, ні сваё прадпрыемства, родны горад, раён, краіну. Час выбраў нас, і мы павінны яго выкарыстоўваць на карысць Беларусі, – рэзюмаваў Юрый Горлаў.