Грамадства
Памяць пра мінулае і дасягненні сучаснасці: урачыстым сходам прадоўжылася святкаванне Дня народнага адзінства ў Гомелі
17.09.2025

У абласным цэнтры сабраліся гледачы з усёй вобласці.
У фае грамадска-культурнага цэнтра гасцей сустракала выстава «У адзінстве народа – будучыня краіны», якая расказвае пра гісторыю Беларусі ад Рыжскай мірнай дамовы да аб'яднання ў 1939 годзе, справядлівасці так званага «вызвольнага паходу» Чырвонай арміі, які паклаў канец польскаму прыгнёту. Экспазіцыя будзе працаваць як перасоўная, яе прадставяць ва ўсіх раёнах вобласці.
Акрамя таго, на выставе прадстаўлены дасягненні суверэннай Беларусі ў навуцы і культуры, спорце і адукацыі, эканоміцы і сельскай гаспадарцы.
Жыхароў рэгіёна са сцэны павіншаваў старшыня аблвыканкама Іван Крупко:
– Гэта маладое, але ўжо дарагое сэрцу кожнага беларуса свята. 17 верасня 1939 года быў адноўлены гістарычны парадак. Для мільёнаў нашых суайчыннікаў спыніліся прыніжэнні і бяспраўе, з'явілася магчымасць гаварыць на роднай мове, гадаваць дзяцей у сваёй культуры, быць часткай адзінай Айчыны. Сёння, калі мы азіраемся на тую эпоху, разумеем: гэтае свята – не толькі пра мінулае. Гэта свята нашай сучаснасці і будучыні.
Губернатар падкрэсліў, што для сапраўдных патрыётаў 17 верасня ўвайшло ў жыццё не як фармальная дата, а як свята душы і сэрца:
– Мы развіваем эканоміку, адкрываем новыя вытворчасці, будуем жыллё, ствараем працоўныя месцы. Але самае галоўнае – мы захоўваем і ўмацоўваем тую атмасферу даверу, дружбы і згоды, якая і ёсць сапраўдны падмурак народнага адзінства. Гэта не лозунг, гэта жывое пачуццё, якое мы перадаем дзецям. Гэта ўпэўненасць, што наша заўтра будзе мірным. У адзінстве народа і Прэзідэнта – наша сіла, у любові да Беларусі – наша будучыня!
Кіраўнік рэгіёна ўзнагародзіў жыхароў вобласці, якія ўнеслі важкі ўклад у развіццё нашай дзяржавы і патрыятычнае выхавання моладзі.
Святочны вечар завяршыўся акцыяй «Спяваем разам з аркестрам»: пад акампанемент эстрадна-сімфанічнага аркестра імя Ю. А. Васілеўскага ўся зала выканала любімыя хіты беларускай эстрады і народныя песні.