Грамадства
Памяць аб кожным загінуўшым ліквідатары – у сэрцах выратаваных: на тэрыторыі ўпраўлення МНС успомнілі ахвяр трагедыі на ЧАЭС
26.04.2025

На тэрыторыі інстытута прафесійнай адукацыі ўніверсітэта грамадзянскай абароны МНС старшыня аблвыканкама Іван Крупко і памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Руслан Пархамовіч усклалі кветкі да мемарыяла ахвяр Чарнобыльскай трагедыі.
– Сёння мы аддаём даніну памяці тым, хто цаной здароўя і жыцця змагаўся з агнём Чарнобыля, а таксама шануем тых, хто прыняў выклік і застаўся на гэтай тэрыторыі, насуперак несуцяшальным прагнозам, – адзначыў кіраўнік рэгіёна.
За час, які прайшоў з трагедыі на ЧАЭС, напрацаваны розныя методыкі па даследаванні глебы і лесу. Яны даюць разуменне, як выводзяцца радыенукліды з глебы і як увесці пацярпелыя землі ў строй. Акрамя таго, усе гэтыя гады на асаблівым кантролі знаходзілася здароўе жыхароў Гомельскай вобласці. Пра гэта расказаў журналістам старшыня аблвыканкама:
– За перыяд дзеяння праграм 17,5 тысячы гектараў зямель ужо ўведзена, мы атрымліваем на іх чыстую прадукцыю. Сёлета будзе ўведзена ў абарот 2,5 тысячы гектараў зямель. Перыяд паўраспаду цэзія і стронцыю прайшоў, нагрузка ў пацярпелых раёнах значна паменшылася, а аналіз здароўя людзей паказвае, што сур'ёзных пікаў розных захворванняў няма. Галоўная задача цяпер – даць гэтым раёнам развівацца эканамічна ўстойліва, як і ўсе іншыя.
У прыватнасці, адзначыў губернатар, неабходна будаваць на пацярпелых тэрыторыях новыя малочна-таварныя комплексы, прамысловыя аб'екты, каб там заставалася мясцовая моладзь.
Для школьнікаў Гомельскай вобласці ратавальнікі арганізавалі прафарыентацыйнае свята "Прафесіяналізм. Адвага. Гонар" з паказальнымі выступамі. Навучэнцы могуць паспрабаваць сябе ў ролі выратавальніка і даведацца, як трапіць у шэрагі МНС.
З удзельнікамі мерапрыемства пагутарыў Іван Крупко. Дзеці задалі старшыні аблвыканкама некалькі пытанняў. Напрыклад, пра тое, ці цяжка быць губернатарам, кім Іван Крупко марыў стаць у дзяцінстве і якая ў яго любімая кніга.
– Па працы чытаю цяпер шмат дакументаў. З журналістамі, музейнымі работнікамі, супрацоўнікамі сілавых ведамстваў і студэнтамі працуем над кнігамі пра гісторыю Вялікай Айчыннай вайны. Выкрываецца нямала новых важных фактаў пра той час, калі ўсе – і дарослыя, і дзеці – сталі на абарону сваёй радзімы, каб сёння вы змаглі выбіраць будучую прафесію і працаваць на карысць любімай Беларусі, – лаканічна адказаў губернатар.