Грамадства
Падрыхтоўка Кармянскага раёна да абласнога свята працаўнікоў вёскі "Дажынкі-2024" – тэма нарады пад старшынствам губернатара Івана Крупко
29.05.2024

Плануецца, што сёлета фестываль правядуць у верасні.
– Чакаю ад адказных службаў дакладныя планы і тэрміны выканання ўсіх відаў работ. Да 1 верасня аб'екты павінны здаць, – назваў канкрэтную дату старшыня аблвыканкама.
Работы ў гарпасёлку праводзяцца па ўсіх напрамках. Бягучым рамонтам ахопяць 25 дамоў, капітальным – 4 дамы, на некалькіх вуліцах ужо замянілі сеткі водазабеспячэння, абнавілі агароджу. Дарогу заасфальтуюць, правядуць ямачны рамонт, у тым ліку па зваротах грамадзян. Прывядуць у парадак і дваровыя тэрыторыі: тут з'явяцца дзіцячыя пляцоўкі, абновяць асфальтавае пакрыццё.
Нададуць увагу цэнтральнай плошчы і скверу, малым паркавым зонам, добраўпарадкуюць прыбярэжную зону ракі Кармянка. Гасцей будуць сустракаць два новыя ўязныя знакі.
– Неабходна зрабіць усё ў адным стылі па адзінай канцэпцыі, – рэзюмаваў кіраўнік рэгіёна.
Праводзяцца рамонтныя работы і рэканструкцыя сацыяльных аб'ектаў. Абновяцца фасады школ і дзіцячых садоў, устаноў культуры, спартыўных збудаванняў. Папоўніцца і матэрыяльна-тэхнічная база. Часткова работы праведзены, астатні аб'ём будаўнікі выканаюць да канца лета.
Плануецца таксама, што ў населеным пункце з'явіцца адкрытая хакейная пляцоўка з навесам, зменіцца мясцовая аўтастанцыя, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, пункты грамадскага харчавання.
– Пры правядзенні работ рабіце так, каб было зручна і камфортна людзям, з улікам пажаданняў жыхароў раёна, – падагульніў старшыня аблвыканкама Іван Крупко.