Грамадства
Падняць гарадскі пасёлак на парадак вышэй: як Карма будзе рыхтавацца да абласнога фестывалю працаўнікоў вёскі "Дажынкі-2024"
23.11.2023

Нараду па добраўпарадкаванні гарпасёлка да восені будучага года са сваімі намеснікамі і актывам раёна правёў старшыня аблвыканкама Іван Крупко ў мясцовым райвыканкаме.
Кармяншчыну чакаюць значныя пераўтварэнні. У першую чаргу прыгажэй стане гарадскі пасёлак. Мясцовыя ўлады запланавалі бягучы і капітальны рамонт жылых дамоў, замену сетак вода- і электразабеспячэння, пяцідзесяці вуліц. Прывядуць у парадак і каля трыццаці тэрыторый двароў: тут з'явяцца дзіцячыя пляцоўкі, новыя тратуары і бардзюры, дадатковыя парковачныя месцы.
Цэнтр горада будзе мадэрнізаваны: прадумана добраўпарадкаванне гарадскога парку, плошчы ля райвыканкама, рамонт фантанаў, з'явіцца вялікі спартыўна-гульнявы комплекс.
Увага будзе ўдзелена і сацыяльна значным аб'ектам: рамонту чакаюць бальніца, цэнтр культуры і вольнага часу, цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, загс, бібліятэка, дзіцячыя сады, аўтастанцыя, запраўка, іншыя будынкі.
Большасць работ будуць узгадняць з мясцовымі жыхарамі – людзей апытаюць, дзе б яны хацелі ўбачыць новыя скверы, памятныя знакі, месцы адпачынку. У той жа час жыхароў гарпасёлка падключаць і да добраўпарадкавання: па жаданні можна будзе паўдзельнічаць у высадцы дрэў, падгатаванні газонаў, навядзенні парадку ў сваіх домаўладаннях.
Тэрмін падрыхтоўкі і ўвод усіх аб'ектаў – 1 верасня наступнага года, назваў дату губернатар:
– Час ідзе хутка, у студзені трэба прыступаць да работы. Да гэтага часу павінна быць дакладна гатовая праграма добраўпарадкавання з дэталёва прапрацаванай канцэпцыяй па кожным аб'екце: ад сацыяльнай сферы да вытворчай.