Грамадства
Па даручэнні міністра МУС участковаму з Гомельскага раёна ўручылі ключы ад новага службовага аўтамабіля
09.01.2024

Маёр міліцыі Віктар Шыпкоў абслугоўвае Шарпілаўскі сельсавет.
– Участковыя інспектары міліцыі знаходзяцца ў прамым кантакце з насельніцтвам. Асабліва работнікі, якія абслугоўваюць сельскую мясцовасць. Для паляпшэння якасці іх работы ўмацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база, – адзначыў начальнік УУС аблвыканкама Аляксандр Шастайла. – У 2023 годзе службе ўчастковых інспектараў міліцыі МУС Рэспублікі Беларусь споўнілася сто гадоў. Па рашэнні губернатара у гонар свята нам было перададзена пяць службовых аўтамабіляў.
Падчас аднаго з урачыстых мерапрыемстваў, прысвечаных юбілею службы, старшаму ўчастковаму інспектару міліцыі Гомельскага райвыканкама Віктару Шыпкову пашчасціла пагутарыць з міністрам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь Іванам Кубраковым. Іван Уладзіміравіч пацікавіўся, з якімі цяжкасцямі сутыкаецца маёр. Малады чалавек адказаў: населеныя пункты аддалены адзін ад аднаго, у непагадзь паміж імі бывае цяжка перамяшчацца. Міністр пачуў субяседніка, і сёння бацька шасцярых дзяцей Віктар Шыпкоў паехаў з абласнога цэнтра на новым службовым аўтамабілі падвышанай праходнасці.
– Думаю, новы аўтамабіль пазітыўна паўплывае на якасць работы. Гэтай машыне не страшныя ні снег, ні дождж, ні слота. Цяпер будзем прыязджаць яшчэ хутчэй, больш аператыўна аказваць дапамогу, якую ад супрацоўнікаў унутраных спраў чакаюць грамадзяне, – адзначыў Віктар Шыпкоў.
Малады чалавек прыйшоў у службу ўчастковых інспектараў міліцыі ў 2020 годзе.