Грамадства
Органы сацабароны Гомельскай вобласці адсвяткавалі 105-годдзе
09.01.2024

На ўрачыстасці работнікі галіны рэгіёна сабраліся сёння ў грамадска-культурным цэнтры.
Юбілей сістэмы святкуюць па ўсёй краіне – ў студзені 1919 года ў БССР быў створаны камісарыят сацыяльнага забеспячэння. За больш чым векавую гісторыю органы сацыяльнай абароны застаюцца вернымі свайму асноўнаму прызначэнню – служыць чалавеку.
Па закліку сэрца работнікі сацслужбы, у тым ліку 6000 спецыялістаў у нашай вобласці, прыходзяць на дапамогу людзям у любых жыццёвых сітуацыях. Сацыяльную падтрымку пажылым грамадзянам і інвалідам на Гомельшчыне аказваюць 25 тэрытарыяльных цэнтраў, 248 сацыяльных пунктаў, 4 гаспадарчыя і 22 мабільныя брыгады, 25 салонаў міласэрнасці, больш за 20 крызісных пакояў. Найбольш запатрабавана сацыяльная дапамога дома: ёй ахоплена каля 15,5 тысячы непрацаздольных жыхароў рэгіёна.
– Сацыяльная служба не стаіць на месцы, працягвае распрацоўваць і ўкараняць новыя паслугі, у тым ліку дзённага нагляду, навучанне сваякоў, арганізацыю гуртковай работы дома з дзецьмі-інвалідамі, эфектыўна працуюць тэлефоны даверу. Дзякуй вам за дабрыню, міласэрнасць, гуманнасць. Ваша сэрца заўсёды адкрыта для людзей. Вы кожны дзень бераце на сябе чужыя клопаты, суперажываеце і ўносіце ўклад у захаванне стабільнасці дзяржавы. Хай крыніца дабра, якая жыве ў вас, ніколі не вычэрпваецца, – павіншаваў віноўнікаў урачыстасці старшыня аблвыканкама Іван Крупко.
Губернатар уручыў заслужаным работнікам рэгіёна ўзнагароды Мінпрацы і сацыяльнай абароны, аблвыканкама.
Па відэасувязі калег павіншавала таксама міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч. Яна не сумняваецца, што Год якасці падцвердзіць унікальнасць людзей гэтай галіны, стане годам упэўненага развіцця, стабільнасці, значных дасягненняў і згоды на карысць кожнага чалавека нашай сінявокай Беларусі.