Гомельскі абласны выканаўчы камітэт

Адрес облисполкома

Адрас: 246050, Гомель, пр. Леніна, 2
Галоўная | Грамадства
Грамадства

Новы музейны комплекс адкрыўся на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу "Дзецям – ахвярам вайны" ў Чырвоным Беразе

09.12.2024
У адкрыцці музея ў Жлобінскім раёне прынялі ўдзел прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка, старшыня аблвыканкама Іван Крупко, памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Горлаў, міністр адукацыі Андрэй Іванец.

Прылеглая да музея тэрыторыя таксама адрамантавана: абноўлены плошча Сонца и карта, адрэстаўраваны караблік надзеі, заменены пліты пісьма, архітэктурныя формы пафарбаваны, адноўлены малюнкі-вітражы. Па ўсёй тэрыторыі адноўлена асвятленне, створана даступнае асяроддзе для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Будынак музея з'явіўся ў тым ліку дзякуючы сродкам рэспубліканскага і абласнога суботнікаў. Тут абсталявана сучасная экспазіцыйная зала і зала кінавідэалекторыя для правядзення лекцый і ўрокаў гісторыі. Створаная экспазіцыя з'яўляецца адзінай у Беларусі, якая прысвечана дзецям – ахвярам вайны. Наведвальнікі ўбачаць жыццё савецкага дзіцяці да пачатку Вялікай Айчыннай і ў пасляваенныя гады, а таксама перажытыя жахі ў час акупацыі Беларусі.

– Сёння мы ўспамінаем цяжкую трагедыю, якую перажыў наш народ у гады Вялікай Айчыннай вайны, якая бязлітасным ураганам пранеслася па нашай зямлі, спустошыла яе і прывяла ў руіны, – падкрэсліў Раман Галоўчанка. – Пра тыя крывавыя злачынствы не даюць забыць шматлікія помнікі на нашай зямлі. Дзякуючы намаганням народа ніводнае з такіх журботных месцаў не засталося невядомым. Лаканічнае і выразнае аблічча гэтага мемарыяльнага комплексу не дае забыць нам аб тым, што ў першую чаргу тут ляжаць дзіцячыя мары, якім так і не наканавана было спраўдзіцца. Гэта магутны заслон бяздушным спробам пераблытаць гісторыю, зняславіць нашу Вялікую Перамогу, светлую памяць аб усіх тых, хто загінуў.

Менавіта таму, падкрэсліў прэм'ер-міністр, будзе працягвацца мемарыялізацыя ў Беларусі, будзе выконвацца і надалей наказ Прэзідэнта: захоўваць памяць.

Музейны комплекс стане пляцоўкай для асветніцкай работы, накіраванай на захаванне памяці аб трагічных падзеях Вялікай Айчыннай вайны. Каб зрабіць навучанне больш даступным і цікавым для моладзі, выкарыстаны сучасныя тэхналогіі, абсталяваны інтэрактыўныя зоны. Тут размешчаны шэсць экранаў, дзе будуць трансліравацца тэматычныя відэаролікі, дзве інфармацыйныя панэлі, з дапамогай якіх у наведвальнікаў з'явіцца магчымасць азнаёміцца з архіўнымі дакументамі.

– Наша будучае пакаленне павінна ведаць, што ў гады ваеннага ліхалецця такія зверствы адбываліся на тэрыторыі акупаванай Беларусі. Таму мы сёння і пашыраем гэты мемарыял у Чырвоным Беразе, – адзначыў у гутарцы з журналістамі старшыня аблвыканкама Іван Крупко.

Губернатар падкрэсліў, што ў музеі ўсё прысвечана дзецям, якія страцілі дзяцінства і не ўбачылі будучыні, таму што былі знішчаны фашыстамі. Яны нароўні з дарослымі абаранялі сваю Айчыну.

– Мы сёння асабліва востра ўсведамляем: забыць зверства фашыстаў у ваеннае ліхалецце – гэта злачынства супраць нашых продкаў, сумлення, супраць будучыні. Таму мы будзем памятаць пра гэта ў сэрцах і ў граніце. Будзем ганарыцца подзвігамі Герояў, захоўваць мір, берагчы нашу родную Беларусь і памнажаць яе славу, – падагульніў Іван Крупко.

Абноўлены мемарыяльны комплекс зараз будзе не толькі месцам памяці, але і адукацыйнай платформай. Сёння тут правялі першы ўрок памяці "Лёсы дзяцей вайны", які даў старт рэспубліканскай акцыі "Караблік надзеі".

Пытанні прэм'ер-міністру на занятках задалі кадэты, члены ваенна-патрыятычных клубаў, актывісты маладзёжнага руху. Правялі ўрок "Настаўнік года" Сяргей Шамінскі з Рагачоўскага раёна і дырэктар Антонаўскай сярэдняй школы Жлобінскага раёна Сяргей Гарошка.

Школьніца з Ельска задала Раману Галоўчанку пытанне аб тым, у якіх яшчэ краінах, акрамя Беларусі і Расіі, таксама шануюць памяць людзей, якія адстаялі ў барацьбе з фашызмам сваю зямлю.

– Вы назвалі дзве краіны, якія знаходзяцца на перадавой захавання памяці. На жаль, аказалася, гэта вельмі няпроста. У апошнія дзесяцігоддзі адбываюцца небяспечныя працэсы размывання праўды пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Гэта спланаваныя мерапрыемствы, ідэалагічныя дыверсіі спадчыннікаў тых, хто пацярпеў ад нас поўнае паражэнне, супраць нашай агульнай памяці, каб пазбавіць нас тых апор, на якіх мы будуем сваю ўласную ідэалогію, – адказаў Раман Галоўчанка.

Такія працэсы, упэўнены прэм'ер-міністр, накіраваны на абясцэньванне ролі савецкага народа ў вызваленні свету ад самага страшнага зла ў гісторыі чалавецтва. Расія і Беларусь застаюцца захавальнікамі самай дакладнай праўды аб гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, адзначыў кіраўнік Урада:

– Побач з намі стаяць іншыя дзяржавы, якія ўваходзілі ў склад СССР, а цяпер удзельнікі СНД. Тыя, якія шануюць памяць, праводзяць памятныя ўрачыстыя мерапрыемствы. На жаль, на Захадзе, у тых дзяржавах, якія разам з намі ўдзельнічалі ў антыгітлераўскай кааліцыі, мы такіх адносін не бачым.

К СПИСКУ НОВОСТЕЙ