Гомельскі абласны выканаўчы камітэт

Адрес облисполкома

Адрас: 246050, Гомель, пр. Леніна, 2
Галоўная | Грамадства
Грамадства

Напярэдадні Дня настаўніка ў АКЦ павіншавалі педагогаў Гомельшчыны

04.10.2024
У нашым рэгіёне працуюць больш за 28 тысяч педагагічных работнікаў. Маладыя і вопытныя, яркія і таленавітыя, закаханыя ў прафесію, якія ўмеюць накіраваць і раскрыць здольнасці кожнага вучня. 

Як адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Руслан Смірноў, педагогі Гомельшчыны – гэта шматтысячнае войска прафесіяналаў. Толькі сёлета ў гарадскія і сельскія калектывы прынялі больш за 800 маладых спецыялістаў. Іх гасцінна сустрэлі на месцах. Для моладзі прадугледжаны выплаты, у зоне радыяцыйнага забруджвання дзейнічае сур'ёзная сістэма кантрактных надбавак. Кіраўнік ведамства падзякаваў калегам за неацэнную працу і павіншаваў з прафесійным святам. Словы падзякі гучалі і з вуснаў старшыні абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Жанны Ждановіч. 

Лепшых у сваёй справе адзначылі падзякамі і граматамі. Сярод узнагароджаных настаўнік фізікі Гомельскага гарадскога ліцэя №1 Людміла Гарбачова, педагагічны стаж якой больш за 30 гадоў. У прафесію яе правяла родная цётка, якая выкладала гэты ж прадмет, але ў ВНУ: 

– Яна была ўпэўненая, што настаўнік – самая выдатная прафесія. Я паверыла і ні на дзень не расчаравалася. Мне мая работа вельмі падабаецца. Кожны год прыходзяць розныя дзеці, і да кожнага трэба знайсці свой падыход. Заклад поспеху – упартая штодзённая праца настаўніка і навучэнца. Сёлета пяць маіх вучняў атрымалі стобальныя сертыфікаты на цэнтралізаваным тэсціраванні. Ганаруся кожным! 

Нагрудны знак Міністэрства адукацыі "Выдатнік адукацыі" атрымалі дырэктар Мазырскага політэхнічнага каледжа Сяргей Дашкевіч, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Калінкавіцкага каледжа меліярацыі Аляксандр Кебец, дырэктар Лельчыцкага каледжа Сяргей Малюк. А таксама настаўнік гісторыі Гомельскага гарадскога ліцэя № 1 Ірына Клімянок, якая ўпэўнена, што задача педагога – своечасова распазнаць талент дзіцяці, заахвоціць яго імкненні, накіраваць у патрэбны бок, зацікавіць. І тады ў рабят усё атрымаецца!

К СПИСКУ НОВОСТЕЙ