Грамадства
Намеснік старшыні аблвыканкама Дзмітрый Алейнікаў учора правёў прыём грамадзян
14.12.2023

З пытаннямі звярнуліся сем чалавек.
Вячаслаў Уладзіміравіч з Гомеля папрасіў дапамагчы з працаўладкаваннем. Мужчыну мянялі клапан на сэрцы, у яго эпілепсія. Раней была група інваліднасці. Гамяльчанін звяртаўся ў цэнтр занятасці насельніцтва, вакансіі прапаноўвалі, але яны не падыходзяць яму па стане здароўя. Каб гэта пацвердзіць, патрэбна даведка МКК. У паліклініцы адказалі: паколькі групу інваліднасці знялі, даведка МКК не прызначана. Гэта значыць пацвердзіць у цэнтры занятасці, што для яго трэба падбіраць пэўныя вакансіі, Вячаслаў Уладзіміравіч не змог. Толькі пасля паўторнага звароту ў паліклініцы прызналі, што ў гамяльчаніна ёсць абмежаванні па здароўі.
– Пытанне возьме на кантроль начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Мікалай Кудзеньчук. Пройдзеце медыцынскія праверкі, атрымаеце даведку аб стане здароўя. У адпаведнасці з ёй сацабарона прапануе прыдатныя вакансіі. Такім чынам, вырашым праблему, – адказаў Дзмітрый Алейнікаў.
Іна Юр'еўна звярнулася з пытаннем аб назначэнні пенсіі. Яна 20 гадоў была індывідуальным прадпрымальнікам, гандлявала люксавай касметыкай. Потым займалася напісаннем кніг, стварала спектаклі, выступала. Некалькі гадоў таму ёй выдалілі селязёнку і дзве траціны падстраўнікавай залозы. Цяпер гамяльчанцы 58 гадоў, але пенсію ёй не выплачваюць: недастаткова страхавога стажу, а сацыяльная належыць толькі з 60 гадоў. Улічваючы праведзеную аперацыю, Іна Юр'еўна ўзняла пытанне аб устанаўленні групы інваліднасці: у такім выпадку таксама выплачваецца пенсія. Пытанне ўзята на кантроль.
Жыхар абласнога цэнтра Махмуд папрасіў разабрацца з праблемай аб змене прозвішча дзіцяці: сужыцелька без яго згоды змяніла прозвішча агульнай дачкі на прозвішча свайго мужа, які даводзіцца малой айчымам. Дзмітрый Алейнікаў запэўніў, што зварот будзе разгледжаны з прыцягненнем юрыстаў аблвыканкама.