Грамадства
Намеснік старшыні аблвыканкама Дзмітрый Алейнікаў сустрэўся з калектывам "Гомельаблгазу"
10.04.2024

Размова ішла аб Усебеларускім народным сходзе, развіцці вобласці, будаўнічых праектах і іншых пытаннях, якія хвалююць работнікаў газавай прамысловасці Гомельшчыны.
Ва ўступнай прамове намеснік старшыні аблвыканкама нагадаў прысутным пра сутнасць УНС – палітычнага інстытута нашай рэспублікі, які з'яўляецца адным з гарантаў суверэніту краіны, яе ўпэўненага паступальнага развіцця. УНС быў створана па ініцыятыве Прэзідэнта Беларусі, першы раз веча збіралася ў 1996 годзе, тады была вызначана і замацавана асноўная сацыяльна-эканамічная мадэль нашай дзяржавы. Наступныя сходы ўдасканальвалі і дапаўнялі абраны шлях. У любым выпадку, падкрэсліў Дзмітрый Алейнікаў, УНС застанецца палітычна аформленым голасам беларускага народа, магутным інструментам яго волевыяўлення.
У гутарцы з калектывам абмеркавалі будаўнічыя праекты ў Гомелі і вобласці. У прыватнасці, у гэтым годзе плануюць здаць у эксплуатацыю басейн на вуліцы Валгаградскай у абласным цэнтры. У планах на 2024-ы таксама пачатак работ па рэканструкцыі школы № 3 (у новым будынку таксама прадугледжаны басейн) і знос старой забудовы па правым, няцотным баку вуліцы Барыкіна. Узводзяцца новыя і рэканструююцца дзеючыя мемарыялы, напрыклад, у актыўнай фазе абнаўленне комплексу ў Чырвоным Беразе Жлобінскага раёна. Не выключана, што сёлета будаўнікі вернуцца да рэалізацыі вялікага транспартнага праекта – Усходняга абходу вакол горада над Сожам.
У гутарцы з намеснікам старшыні аблвыканкама ўзнімалі і тэмы развіцця веласіпеднага руху ў Гомелі, рамонту кацельні ў вёсцы Рудня Марыманава Гомельскага раёна, зносу дамоў на вуліцы Палескай, а таксама абмеркавалі выступленне нашых спартсменаў на міжнародных спаборніцтвах, адкрыцце новых авіярэйсаў. Усе агучаныя праблемы ўзяты на кантроль, кампетэнтным службам і арганізацыям будуць дадзены адпаведныя даручэнні.