Грамадства
Намеснік старшыні аблвыканкама Дзмітрый Алейнікаў правёў прыём грамадзян
24.07.2025

Першай на прыём прыйшла гамяльчанка Зінаіда Сцяпанаўна. Летась яна паехала ў санаторый на аздараўленне, але праз тры дні была вымушаная вярнуцца дадому, бо ў яе памёр муж. Пенсіянерка патлумачыла, што абяцалі вылучыць новую пуцёўку сёлета, але ў выніку адмовілі.
Наступным быў Іван з Рэчыцкага раёна. Ён – рамеснік, які скарыстаўся дзяржаўнай падтрымкай малога і сярэдняга прадпрымальніцтва і атрымаў субсідыю для развіцця. Грошы пералічылі, а пусціць іх у справу заяўнік так і не змог, таму што пры афармленні дакументаў былі дапушчаны памылкі.
Па дапамогу да намесніка старшыні аблвыканкама звярнулася і гамяльчанка Наталля Міхайлаўна. Яна даглядае маці-інваліда першай групы. Жыхарка горада над Сожам папрасіла вылучыць ёй чалавека, які прыглядаў бы за пенсіянеркай падчас яе адсутнасці, бо плаціць сядзелцы ў сям'і няма магчымасці.
Дзмітрый Алейнікаў выслухаў тых, хто звярнуўся, і даў даручэнні адказным асобам.