Гомельскі абласны выканаўчы камітэт

Адрес облисполкома

Адрас: 246050, Гомель, пр. Леніна, 2
Галоўная | Грамадства
Грамадства

Намеснік старшыні аблвыканкама Андрэй Бараноўскі правёў прыём грамадзян

25.10.2023
Са сваімі праблемамі звярнуліся шэсць жыхароў рэгіёна. Гамяльчанка Любоў Міхайлаўна паскардзілася на суседзяў. Адзін з уласнікаў прыватнага дома разабраў цагляную агароджу і ўсё будаўнічае смецце складзіраваў у жанчыны пад акном. Такая сітуацыя працягваецца ўжо пяць месяцаў. Паколькі ўчастак знаходзіцца ў агульным карыстанні, гамяльчанцы рэкамендавалі звярнуцца ў суд. Але Любоў Міхайлаўна з гэтым не згодная.

– Тут трэба суседзям дамаўляцца адзін з адным. У рамках сваёй кампетэнцыі разбяромся, – адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама.

Наталля Васільеўна неаднаразова звярталася ў розныя інстанцыі наконт капітальнага рамонту. У яе кватэры, што ў Навабеліцкім раёне абласнога цэнтра, залівае столь, парушэнні да гэтага часу не ліквідаваны. Таксама ёсць прэтэнзіі да стану коміна (моцна хістаецца) і сцен дома (расколіны).

Начальнік галоўнага ўпраўлення ЖКГ аблвыканкама Дзмітрый Згурскі паясніў: пры першапачатковай распрацоўцы праектнай дакументацыі сапраўды не былі ўлічаны некаторыя моманты, але змяненні ў план капрамонту ўжо ўнесены. У бліжэйшы час недахопы выправяць.

Мазыранка Алена Міхайлаўна расказала пра сітуацыю, якая ўзнікла вакол пад'язнога пуці да садовага таварыства «Дружба» населенага пункта Пхоў. З часам па абодва бакі з'явіліся дамы, і дарога стала цэнтральнай вуліцай іншага кааператыва. Новыя суседзі не дазваляюць праязджаць па ёй мясцовым жыхарам, узвялі бетонныя перакрыцці, аргументуючы свае рашэнні тым, што праезная частка зараз належыць ім.

– Была дарога, цяпер яе адабралі. У дадатак адмянілі аўтобусы, зараз складана даязджаць да дач. Не разумеем, што нам рабіць, – паскардзілася мясцовая жыхарка.

– Разбяромся, ці маюць права перашкаджаць вам у праездзе да населенага пункта. Вы, у сваю чаргу, можаце па законе пабудаваць іншую дарогу да кааператыва. Узвядзіце аб'ект, аформіце дакументы і перадайце на баланс ЖКГ для далейшага абслугоўвання, – растлумачыў намеснік старшыні аблвыканкама.

Больш за пяць садовых таварыстваў размешчаны каля населенага пункта Ільіч Гомельскага раёна, там пастаянна пражываюць каля 150 чалавек. У мінулым годзе дачы пазатапляла. Жыхары занепакоеныя, што і сёлета іх участкі зноў апынуцца пад вадой. Папрасілі ўмацаваць дамбу ці пабудаваць новую. Нядрэнна было б засыпаць катлаван, які ўтварыўся пасля паводкі паміж садовымі таварыствамі.

У Гомельскім райвыканкаме растлумачылі, што ўжо распрацоўваецца перадпраектная дакументацыя на пяць праблемных аб'ектаў, у тым ліку каля Ільіча, але пакуль дата будаўніцтва не вызначана. Андрэй Бараноўскі дадаў: трэба вырашаць пытанні ў рамках заканадаўства, бясплатна прыязджаць і засыпаць катлаван ніхто не будзе. Калі ўключаць гэтыя работы ў праект, тады магчыма іх выканаць нават раней.

Праблема ёсць і ў населеным пункце Старая Беліца: перастаў курсіраваць мікрааўтобус па маршруце Смычок – Гомель. Маршрутка ходзіць толькі летам, але карыстаецца попытам і ў іншы час. Намеснік старшыні аблвыканкама даручыў вывучыць пытанне і прапрацаваць іншы расклад.

Жыхара Гомельскага раёна таксама не задавальняе стан дарогі па вуліцы Працоўнай і адсутнасць тратуара па вуліцы Кастрычніка ў Старой Беліцы. Генеральны дырэктар «Гомельаблдарбуда» Ігар Краўчанка пракаменціраваў: ужо выканана лакальная падсыпка заніжаных участкаў дарогі, на наступны год запланаваны рамонт – будзе зроблена друзавае пакрыццё. Тратуар у перспектыве не з'явіцца: інтэнсіўнасці руху тут недастаткова. Па вуліцы Кастрычніка сітуацыя іншая: там ажыўленая траса, таму ўзвядзенне тратуара запланавана на наступны год.
К СПИСКУ НОВОСТЕЙ