Грамадства
Намеснік старшыні аблвыканкама Андрэй Бараноўскі правёў асабісты прыём грамадзян
29.02.2024

На прыём запісалася 17 чалавек, жыхары Гомеля і вобласці звярталіся па пытаннях падтапленняў участкаў, утрымання вулічна-дарожнай сеткі, рамонтаў у пад'ездах, шэрагу іншых.
Гамяльчанка Наталля, якая жыве ў доме па вуліцы Кажара, 15, расказала пра ідэю зрабіць разам з суседзямі рамонт у пад'ездзе. Праблема ў замене драўляных вокнаў, у якіх згнілі рамы. Іх павінны былі паставіць камунальнікі, але ўстанавілі не ўсе. Аказалася, памянялі вокны з найбольшым зносам, астатнія адрамантавалі. Як запэўніў намеснік старшыні аблвыканкама, да гэтага пытання вернуцца ў бліжэйшы час, спецыялісты яшчэ раз абследуюць пад'езд, камісійна прымуць рашэнне, пры неабходнасці ўставяць новыя аконныя блокі.
Жыхар Савецкага раёна Гомеля Юрый звярнуў увагу на дрэнны стан пешаходнага пераходу ў Амурскім завулку. На ўказаным участку аператыўна правядуць ямачны рамонт, Андрэй Бараноўскі зрабіў адпаведнае распараджэнне.
Галіна Пятроўна жыве на вуліцы Свірыдава ў Гомелі, яна паскардзілася на частыя выпадкі затаплення ў кватэры. Справа ў памылцы, закладзенай будаўнікамі дома сорак гадоў таму, – звыш нормы выгнуты стаяк. Прынята рашэнне перакласці трубу, гэтым зоймецца будаўнічая арганізацыя.
Жыхароў вёскі Уза пад Гомелем шмат гадоў непакоіць затапленне ўчасткаў на вуліцы Камсамольскай і суседніх. Рэгуляваць узровень вады ў рацэ мы не зможам, падкрэсліў намеснік старшыні аблвыканкама. Але ўлада ў курсе праблемы, для яе вырашэння спатрэбіцца комплекс мерапрыемстваў па водаадвядзенні. Перадпраектная дакументацыя па работах ужо гатова, сёлета плануецца аформіць праектна-каштарысную дакументацыю, у наступным – пачаць рэалізацыю.
Падтоплены двор і ў Таццяны Мацвееўны з Веткі, вуліца Кастрычніцкая, прыватны сектар. Абласным службам дадзена даручэнне аператыўна выехаць на месца і разабрацца ў прычынах.
Сяргей Валяр'янавіч з аграгарадка Бабовічы Гомельскага раёна папрасіў адрамантаваць дарогу па вуліцы Палявой. Ва ўжо складзеным пераліку вуліц сельскіх населеных пунктаў вобласці Палявая ёсць, дарожныя службы абавязкова дойдуць да гэтага ўчастка. Але зрабіць грэйдзіраванне, аднавіць праязджальнасць на вуліцы неабходна ў найкарацейшы тэрмін, дарожнікам дадзена адпаведнае даручэнне.
У Наталлі і Таццяны, жыхарак пасёлка Чырвоны Маяк пад Гомелем, у кватэрах сырасць і цвіль. Дом пабудаваны ў 1973-м, ступень зносу высокая. Жанчын праінфармавалі, што капітальны рамонт ужо на падыходзе, пачнецца ў першым паўгоддзі. У Марыі з вёскі Пясочная Буда вада стаіць у падвале дома. Высветлілася, што быў парыў цеплатрасы, яго ліквідавалі, ваду зараз адпампоўваюць. Справу ўскладняе і ўздым грунтавых вод. Праблемай займаюцца і вырашаць да канца, запэўніў Андрэй Бараноўскі. Міхаіл Дзмітрыевіч, які прадстаўляе садовае таварыства "Асобіна" ў Буда-Кашалёўскім раёне, папрасіў забяспечыць пад'езд да дач, пакуль там замест дарог напрамкі. Як сказаў намеснік старшыні аблвыканкама, нармальны цывілізаваны ход – пайсці насустрач дачнікам, якіх некалькі соцень, і зрабіць дарогу за кошт дзяржавы. Але для гэтага спатрэбіцца выдзеліць зямлю і ператварыць таварыства ў населены пункт – у заканадаўстве для гэтага ўжо ёсць адпаведны механізм.
Кожны са зваротаў узяты намеснікам старшыні аблвыканкама на кантроль, усе заяўнікі ва ўстаноўленыя заканадаўствам тэрміны атрымаюць пісьмовыя тлумачэнні.