Грамадства
На полі саўгаса-камбіната «Зара» ў Мазырскім раёне адсвяткавалі абласныя «Зажынкі»
26.06.2024

Убранае з палёў зерне зусім хутка трапіць у агульнарэгіянальны каравай. У традыцыйным абрадзе хлебаробаў прыняў удзел старшыня аблвыканкама Іван Крупко:
– Надыходзіць галоўны экзамен для хлебаробаў у аграрным годзе. Як і нашы продкі, мы перажываем за надвор'е, з восені трапятліва назіраем, як наліваецца ніва і робім усё магчымае, каб прыбраць ураджай да апошняга зярнятка. У гэтым годзе надвор'е спадарожнічае нам, таму заклікаю арганізаваць работу так, каб мы годна прыбралі ўраджай і нам было не сорамна перад сабой. Будзе багаты Гомельскі край – будзе багата ўся краіна.
Свята сабрала старшыняў райвыканкамаў, кіраўнікоў гаспадарак, аграрыяў і музыкантаў.
Зажынкі ў Беларусі святкуюць спакон веку. Продкі верылі, што перад пачаткам жніва трэба дамовіцца з матухнай-зямлёй і падзякаваць ёй за ўраджай.
Вялікі дзякуй прыродзе сёння прагучала ад сельгасработнікаў вобласці. Усё зрабілі ў адпаведнасці з народным звычаем: жанчыны ў тра-дыцыйнай беларускай вопратцы сабралі ў полі першы сноп, перавязалі яго яркай стужкай і ўпрыгожылі кветкамі, а затым прайшліся карагодам па ніве.
Завяршылі абрад падкідваннем снапа тры разы, каб ураджай быў добрым.