Гомельскі абласны выканаўчы камітэт

Адрес облисполкома

Адрас: 246050, Гомель, пр. Леніна, 2
Галоўная | Грамадства
Грамадства

На плошчы Леніна ў Гомелі ўпершыню пройдзе парад гарнізона: як вобласць адсвяткуе Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці ў 2024 годзе

12.04.2024
Пытанне падрыхтоўкі і правядзення мерапрыемстваў, прысвечаных Дню Перамогі і 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, абмеркавалі на пасяджэнні аргкамітэта, які ўзначаліў старшыня аблвыканкама Іван Крупко.

Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі праграму мерапрыемстваў, прынялі канцэптуальныя рашэнні і зацвердзілі афармленне Гомельшчыны да значных для кожнага беларуса свят.

Патрыятычныя акцыі, флэшмобы, дыялогавыя пляцоўкі, чэленджы стартуюць на Гомельшчыне задоўга да 9 Мая. Яны набіраюць абароты ўжо зараз.

Напярэдадні свята ўжо традыцыйна правядуць парады ля вокнаў ветэранаў, удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны дапамогуць з уборкай дамоў і кватэр, добраўпарадкуюць двары. Ва ўсіх раёнах запланаваны мітынгі ля мемарыялаў і воінскіх пахаванняў.

Цэнтральным пунктам святкавання стане абласны цэнтр: 8 мая мітынг пройдзе на Алеі Герояў, 9 мая – шэсце па вуліцы Савецкай, мітынг на плошчы Працы.

З новаўвядзенняў – парад Гомельскага гарнізона і праходжанне тэхнікі па плошчы Леніна. Падключацца кадэцкія класы і ліцэісты. Увечары тут жа правядуць канцэрт, ва ўсіх раёнах вобласці зладзяць святочны феерверк. Познім вечарам з 6 на 7 мая ў Гомелі правядуць генеральную рэпетыцыю ваеннага парада. Жыхароў просяць з разуменнем паставіцца да магчымых нязручнасцяў, звязаных з транспартнымі абмежаваннямі на плошчы Леніна.

– Галоўнае пытанне – забеспячэнне бяспекі: арганізаваць дзяжурства праваахоўнікаў, ратавальнікаў і медыкаў, – падводзіць вынікі губернатар Іван Крупко. – Адказнасць высокая, трэба правесці святкаванні так, каб ушанаваць памяць Герояў, кансалідаваць грамадства і зрабіць акцэнт на патрыятычным складніку.

Не менш маштабнымі стануць мерапрыемствы, прысвечаныя 80-годдзю вызвалення Беларусі.

Многія раёны вобласці ўжо адсвяткавалі круглую дату, некаторыя толькі рыхтуюцца.

– Старт шырокамаштабным мерапрыемствам на Гомельшчыне дало святкаванне вызвалення Камарына. Планка паднята высокая, – падкрэсліў старшыня аблвыканкама Іван Крупко.

1 чэрвеня плануецца маладзёжная акцыя ў Чырвоным Беразе, 22 чэрвеня ўсе раёны далучацца да агульнарэспубліканскай хвіліны маўчання, а вечарам жыхары рэспублікі збяруцца на канцэрце-рэквіеме ў Але. Затым – акцыя на мемарыяльным комплексе "Баграціён". Асноўныя мерапрыемствы пройдуць 3 ліпеня: у абласным цэнтры пасля рэканструкцыі адкрыюць плошчу Паўстання, пройдзе мітынг да Вечнага агню.

К СПИСКУ НОВОСТЕЙ