Грамадства
На нарадзе ў аблвыканкаме абмеркавалі ход аднаўленчых работ пасля ўрагану
22.07.2024

Па стане на раніцу 22 ліпеня ўсе населеныя пункты вобласці былі падлучаны да электразабеспячэння або на пастаяннай аснове, або часова – праз дызель-генератары.
61 населены пункт – менавіта столькі падключана да дызель-генератарных установак. Працуе больш за 70 брыгад энергетыкаў, ім дапамагаюць іншыя службы. Усе зараджаны на тое, каб у самыя кароткія тэрміны перайсці на пастаянныя схемы электразабеспячэння. Аднак ёсць праблемныя ўчасткі, тры лініі, да прыкладу, цалкам знішчаны. У дадатак аднаўляць іх прыходзіцца на балоцістай мясцовасці.
Актыўна і паўсюдна працуюць рамонтнікі, прыцягнуты ўсе службы, іншыя арганізацыі. Праводзяцца расчыстка дарог, дахавыя і іншыя будаўнічыя работы. Аднаўляюцца ў першую чаргу жылыя дамы, аб'екты АПК, ЖКГ, сацкультбыту.
Энергетыкі сумесна з лясгасамі ўзмоцнена займаюцца пашырэннем прасек. Як заўважыў губернатар Іван Крупко, не трэба чакаць, пакуль пацярпелыя ад урагану дрэвы канчаткова ўпадуць, гэтыя рызыкі важна ўстараняць без прамаруджання.
Не падлучанымі да сеткі на месцах застаюцца толькі асобныя домаўладання, гэта аператыўна вырашаецца. Магчымы таксама адключэнні на гадзіну ці паўтары там, дзе электразабеспячэнне было адноўлена. Грамадзяне павінны з разуменнем да гэтага ставіцца.
Ва ўзмоцненым рэжыме працуюць страхавальнікі вобласці. За тры дні пасля ўрагану арганізацыі "Белдзяржстраху" зрабілі выплат на суму каля 390 тысяч рублёў. Заяўкі ад грамадзян, чыя маёмасць пацярпела ад стыхіі, пра-цягваюць прымацца. Колькасць заяў на пакрыццё шкоды перавысіла 7500. Аднак паток зваротаў ужо пачаў спадаць. Аддзяленні "Белдзяржстраху" працуюць штодня да 20.00.
Удзел у нарадзе прынялі намеснік прэм'ер-міністра і ўпаўнаважаны кіраўніка дзяржавы па Гомельскай вобласці Анатолій Сівак, намеснік міністра энергетыкі Дзяніс Мароз.