Грамадства
На Мазыршчыне прайшоў семінар-вучоба для рэзервістаў "Школы маладога кіраўніка"
15.04.2024

У мерапрыемстве прыняў удзел памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Горлаў.
Маладыя і перспектыўныя прадстаўнікі сельгасарганізацый, якія знаходзяцца ў рэзерве кіруючых кадраў, даведваліся пра тонкасці будучай работы на практыцы.
Новую змену праекта вітала старшыня Мазырскага райвыканкама Алена Паўлечка. Яна пазнаёміла з сацыяльна-эканамічным развіццём раёна, падрабязна расказала пра аграпрамысловы комплекс.
Звяртаючыся да будучых кіраўнікоў, Юрый Горлаў падкрэсліў, што Мазыршчына выбрана пляцоўкай для навучання маладых спецыялістаў невыпадкова. Аграрыі раёна з года ў год дэманструюць высокія паказчыкі. Тут даўно ўжо сфарміраваны дзейсны рэзерв кіруючых кадраў, прадуманы кожны этап падтрымкі маладых спецыялістаў.
Практычная частка семінара прайшла на вытворчых аб'ектах сельгаспрадпрыемства "Слабадское імя Леніна". На малочнатаварнай ферме ў Вялікіх Зімавішчах будучыя кіраўнікі азнаёміліся з арганізацыяй штучнага асемянення кароў, падрабязна разгледзелі вопыт працы з гінекалагічна хворымі жывёламі. Таксама акцэнт быў зроблены на тэхналогіі вырошчвання цялят да шасцімесячнага ўзросту.
Галоўны ветурач КСУП "Баравікі" Светлагорскага раёна Святлана Косціна на Мазыршчыне ўпершыню. Уражанні ад убачанага самыя добрыя.
– Шчыра кажучы, я прыемна здзіўленая, наколькі дагледжаныя аб'екты мы наведваем. Адчуваецца рука сапраўднага гаспадара, праца зладжанай каманды. Будзем імкнуцца да такога ўзроўню і ў нас, – адзначыла малады спецыяліст. У рэзерве кадраў дзяўчына нядаўна. "Школу маладога кіраўніка" лічыць выдатнай базай, дзякуючы якой можна будаваць прадуманую практычную работу на месцах.
Намеснік дырэктара па вытворчасці СУП "Стэпы" Жлобінскага раёна Арцём Якіменка ўжо замяняў кіраўніка сваёй гаспадаркі, калі той знаходзіўся ў адпачынку.
– Вельмі хваляваўся. Зразумеў, што важней за ўсё захаванне дысцыпліны. Гэтага і патрабаваў ад спецыялістаў, – распавёў малады чалавек. Убачаным на Мазыршчыне ён па-добраму здзіўлены: – Тэхналогія вырошчвання цялят адпрацавана да дробязяў. Уражвае ўсё, пачынаючы ад арганізацыі працы і заканчваючы добраўпарадкаваннем аб'ектаў. І ўсё гэта вынік строгай дысцыпліны і няўхільнага захавання тэхналогій.
Наведалі маладыя спецыялісты і эксперыментальную базу "Крынічная". Тут акцэнт зроблены на раслінаводстве. Маладыя кадры разбіраліся з нюансамі арганізацыі работ па сяўбе кукурузы, з тэхналогіяй унясення ўгнаенняў.
– Галоўны прынцып паспяховай кіруючай працы – справядлівы падыход да прафесійных абавязкаў і добрае стаўленне да людзей. Што важна, і гэтаму ў тым ліку вучыць "Школа маладога кіраўніка", – рэзюмаваў Юрый Горлаў.