Грамадства
На Гомельшчыне ўзнагародзілі жыхароў рэгіёна, якія ўнеслі ўклад у арганізацыю выбарчай кампаніі 2024 года
19.06.2024

Урачыстая цырымонія ўзнагароджання асоб, якія ўнеслі значны ўклад у арганізацыю і правядзенне выбарчай кампаніі ў 2024 годзе, адбылася на Гомельшчыне з удзелам старшыні абласнога выканаўчага камітэта Івана Крупко і старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Ігара Карпенкі.
– 25 лютага мы адкрылі новую старонку ў гісторыі суверэннай Беларусі – упершыню правялі выбарчую кампанію ў рамках адзінага дня галасавання. Жыхары вобласці паказалі высокую грамадзянскую актыўнасць, падтрымалі дзяржаўны курс на захаванне стабільнасці і парадку, свабоды і незалежнасці. Гэта зразумела, бо такі курс вельмі блізкі сэрцу кожнага разважлівага чалавека, – падкрэсліў старшыня абласнога выканаўчага камітэта Іван Крупко.
Губернатар адзначыў, што прытрымліваючыся такога курсу ў рабоце, у рэгіёне ствараецца трывалы дзяржаўны падмурак. Многа ў чым дзякуючы ўзнагароджаным сёння грамадзянам і патрыётам краіны.
Актыў рэгіёна за паспяхова праведзеную выбарчую кампанію падзякаваў старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Ігар Карпенка. Ён уручыў узнагароды за выразную і дакладную грамадзянскую пазіцыю:
– Выбары дэпутатаў усіх узроўняў упершыню праведзены ў такім фармаце і маштабе. Вы забяспечвалі падрыхтоўку і правядзенне адзінага дня галасавання. Усё прайшло ў адпаведнасці з каляндарным планам і на высокім узроўні.