Грамадства
На Гомельшчыне адзначылі 35-ю гадавіну вываду савецкіх войск з Афганістана
16.02.2024

Акцыі ў памяць аб загінулых у Афгане прайшлі па ўсёй вобласці. У Гомелі ўрачысты мітынг сабраў воінаў-інтэрнацыяналістаў каля помніка на вуліцы 60 год БССР. Вечар завяршыў канцэрт Памяці.
Гаварылі пра вернасць Радзіме і абавязку, воінскаму брацтву. Пра сутнасць і значэнне гэтай вайны. А таксама пра спробы навязаць ілжывыя трактоўкі і пра сапраўдную гістарычную праўду. Праўда ў горда лунаючых сцягах савецкіх войск, якія вярталіся з-за ракі. Ёсць праўда і ў ганебных уцёках амерыканцаў з Афганістана. Сумленне ж нашых байцоў чыстае, яны ваявалі не дзеля чыйсьці нажывы, а дзеля абароны інтарэсаў Радзімы, за спакойны сон савецкіх грамадзян і жыхароў Афганістана. Гаварылі пра гэта самі ветэраны, прадстаўнікі ўлады, святары, грамадскія дзеячы. У храмах Гомеля прайшлі мітынгі-рэквіемы ў памяць аб загінулых – каля паклоннага крыжа ў храме Святога Архангела Міхаіла, храме Іверскай Іконы Божай Маці, капліцы Аляксандра Неўскага. Па таварышах, што загінулі, адслужылі паніхіды, у іх гонар усклалі вянкі і кветкі.
Мітынг каля помніка сабраў сотні гамяльчан, у тым ліку моладзь, дзяцей. Як адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама Дзмітрый Алейнікаў, воіны-інтэрнацыяналісты, якія прайшлі праз Афганістан і іншыя гарачыя кропкі, па праву лічацца прадаўжальнікамі баявых традыцый нашых дзядоў і прадзедаў, якія ваявалі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, яны ўнеслі і ўносяць значны ўклад у развіццё краіны, з'яўляюцца годным прыкладам для падрастаючага пакалення.
Старшыня абласной арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Міхаіл Жукевіч падкрэсліў, што геапалітычныя падзеі апошніх гадоў пераканаўча даказваюць: войны будуць працягвацца, краіны калектыўнага Захаду не кінуць спробы навязаць усім сваё бачанне сусветнага парадку. Таму ветэранам зараз так важна памятаць аб некалі дадзенай прысязе і рабіць усё магчымае для любімай краіны, для захавання гістарычнай праўды – у імя міру і спакою ў Беларусі і на ўсёй Зямлі.
Звон афганскіх песень пад гітару, песень пра сапраўдных мужчын, плыў над Савецкім раёнам. А потым перанёсся ў зал гарадскога цэнтра культуры. Ветэранам уручылі юбілейныя ўзнагароды. Канцэрт Памяці стаў творчым падарункам усім тым, хто ў 1979–1989 гадах не завагаўся і ступіў за нас пад кулі.