Гомельскі абласны выканаўчы камітэт

Адрес облисполкома

Адрас: 246050, Гомель, пр. Леніна, 2
Галоўная | Грамадства
Грамадства

На базе Кармянскай ЦРБ з'явілася аддзяленне кругласутачнага знаходжання пажылых грамадзян і інвалідаў

02.10.2025
Для Беларусі гэта пілотны праект, які рэалізаваны па ініцыятыве Гомельскага аблвыканкама. Ва ўрачыстым адкрыцці прынялі ўдзел старшыня аблвыканкама Іван Крупко, міністр працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка, намеснік міністра аховы здароўя Барыс Андрасюк.
– Усе мы разумеем, што не ў кожнага чалавека ёсць сваякі, якія могуць аказаць патрэбную дапамогу. Для дзяржавы няма чужых людзей. Дадзеная ўстанова – не толькі камфортныя пакоі і зручнае месца для пражывання, але і магчымасць для падапечных прайсці рэабілітацыю, атрымаць неабходнае медыцынскае абслугоўванне, а таксама сацыялізавацца і заставацца карысным грамадству. Спадзяюся, пастаяльцы знойдуць тут новых сяброў і заняткі па інтарэсах, – адзначыў Іван Крупко.
Губернатар падкрэсліў, што ў краіне распрацаваны сур'ёзныя праграмы, каб забяспечыць такімі ўмовамі грамадзян. Штогод на Гомельшчыне ўводзяцца новыя і абнаўляюцца існуючыя пансіянаты. У 2023 годзе адкрыты сацыяльны пансіянат «Камфортны» ў Азарычах Калінкавіцкага раёна, за 2024 год праведзена мадэрнізацыя пансіяната «Радушный» у Веткаўскім раёне. У рэгіёне выразна выбудавана сістэма аказання паслуг пажылым людзям і інвалідам як дома, так і ў стацыянарных установах. Працуе 25 тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнай абароны, дзе працуюць больш за шэсць тысяч чалавек. Усе яны дапамагаюць насельніцтву, якое мае патрэбу ў падтрымцы. 
Адкрытае аддзяленне ў Карме разлічана на 80 месцаў, тут створаны ўсе неабходныя ўмовы: чыстыя і светлыя палаты, у тым ліку павышанай камфортнасці, шматразовае харчаванне, пакоі адпачынку і зоны вольнага часу. Каманда – а гэта каля 30 чалавек – гатовая прыйсці на дапамогу ў любы час. Улічваючы, што ў гэтым жа будынку знаходзіцца бальніца, пастаяльцы могуць звярнуцца да любога доктара і ў кароткія тэрміны атрымаць дапамогу. 
Зараз у аддзяленні размешчаны каля 60 чалавек з усёй вобласці, з іх 34 інваліды, у тым ліку калясачнікі. Яны жывуць тут ужо некалькі дзён і аднагалосна сцвярджаюць: адчуваюць сябе ўтульна, як дома. 
Плануецца, што ў Гомельскай вобласці будуць створаны яшчэ два аддзяленні – у Старых Дзятлавічах Гомельскага раёна і ў Буда-Кашалёве. Падобны фармат развіваюць і ў іншых рэгіёнах Беларусі. На гэтым зрабіла акцэнт Наталля Паўлючэнка:
– На працягу многіх гадоў нязменным застаецца адно – чалавек з'яўляецца галоўнай каштоўнасцю нашай дзяржавы. Часам пажылыя людзі сутыкаюцца з бытавымі праблемамі, праблемамі са здароўем. Часам ім небяспечна заставацца адным дома і патрэбна асаблівая дапамога. Таму будучыня за медыка-сацыяльнай дапамогай. Фармат, прапанаваны Гомельскай вобласцю, найбольш удалы, ён дазваляе забяспечыць догляд, дах над галавой, арганізаваць вольны час і харчаванне. Дзякуючы безбар'ернаму асяроддзю ёсць магчымасць аказваць медыцынскія паслугі. Усё гэта дазваляе максімальна эфектыўна накіраваць бюджэтныя сродкі і атрымаць хуткі вынік. Фармат ўдалы, будзем яго тыражаваць.
У рамках адкрыцця кіраўнік рэгіёна перадаў галоўнаму ўрачу Кармянскай ЦРБ ключы ад перасовачнага ФАПа і ад аўтамабіля хуткай дапамогі. Машыны для аказання экстранай дапамогі таксама атрымалі Рагачоўская і Чачэрская ЦРБ. 
Міністр працы і сацыяльнай абароны падарыла новаму саццэнтру сертыфікат на набыццё мультымедыйных сістэм. У абсталяванні пакояў і асобных памяшканняў падтрымку аказалі абласныя аддзяленні Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і Беларускага фонду міру.

К СПИСКУ НОВОСТЕЙ