Грамадства
На асабісты прыём да намесніка старшыні аблвыканкама Андрэя Канюшкі звярнуліся некалькі жыхароў рэгіёна
04.04.2024

Работнікі ААТ "Навабеліцааўтатранс" прыйшлі з просьбай ад імя аблвыканкама хадайнічаць у Савет Міністраў аб працягненні санацыі ў дачыненні да іх прадпрыемства.
Аўтабаза ў працэсе аздараўлення знаходзіцца з 2020 года. За гэты тэрмін пагашана больш за 70% даўгоў, але наперадзе яшчэ нямала работы. Намеснік старшыні аблвыканкама выказаўся за працягненне санацыі. Гэта дазволіць захаваць калектыў і канчаткова пагасіць запазычанасць перад крэдыторамі. Неабходныя дакументы падрыхтуюць і накіруюць у Савет Міністраў да канца красавіка.
З аднаго з самых аддаленых населеных пунктаў Гомельскага раёна – вёскі Рудня Марымонава звярнулася Святлана Аляксандраўна. Па словах мясцовай жыхаркі, ужо доўгія гады людзі мерзнуць у сваіх дамах. Мінулай зімой у пакоях было ўсяго 7–10 градусаў цяпла. Прычынай таму кацельня, якая працуе на мясцовых відах паліва, але не спраўляецца з нагрузкай. Заяўніца просіць правесці ў населены пункт газ. Аднак гэта будзе дастаткова дорага і для бюджэту, і для спажыўца, бо даўжыня газаправода складзе больш за 10 кіламетраў. Усё пралічаць і давядуць да ведама кошт газіфікацыі. Для гэтага даручана праз сельвыканкам арганізаваць агульны сход мясцовых жыхароў, дзе падрабязна раскажуць, пакажуць на картах і мясцовасці і пра іншыя плануемыя работы. Ужо летам за сродкі райжылкамгаса будзе заменены трубаправод па вуліцы Сябровіцкай. Пасля адрэгулююць і падачу цяпла на вуліцу Сонечную, дзе жыве Святлана Аляксандраўна.