Гомельскі абласны выканаўчы камітэт

Адрес облисполкома

Адрас: 246050, Гомель, пр. Леніна, 2
Галоўная | Грамадства
Грамадства

Мітынг-рэквіем, прысвечаны 80-й гадавіне вызвалення вязняў Азарыцкіх лагераў смерці, аб'яднаў больш за тысячу чалавек

20.03.2024
Каля мемарыяльнага комплексу ў Калінкавіцкім раёне сабраліся прадстаўнікі ўлады, грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў, моладзь, былыя вязні. 

У мітынгу прынялі ўдзел старшыня аблвыканкама Іван Крупко, генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед, памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Горлаў, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зянкевіч, міністр унутраных спраў Іван Кубракоў. 

Па зверскай задумцы фашыстаў усе змешчаныя ў Азарыцкіх лагерах смерці людзі – а гэта каля 50 тысяч чалавек – павінны былі загінуць: калі не ад тыфу, якім заражалі наўмысна, ад голаду і холаду, то стаўшы жывым шчытом пад мінамётным агнём германскіх войскаў, якія адыходзілі. Гэтага не здарылася дзякуючы дыпламатычнаму ходу камандавання 65-й арміі Паўла Батава. Дывізія вермахта атрымала ультыматум: адступленне без праследвання Чырвонай Арміяй на працягу сутак у абмен на жыцці вязняў канцлагера. Дзякуючы гэтаму 19 сакавіка савецкія войскі вызвалілі больш за 30 тысяч чалавек – жанчын, старых і дзяцей. 

– Звяртаюся да былых вязняў: мы ніколі не забудзем злачынствы фашыстаў у гады вайны. Бо забыць – значыць дараваць тым, хто здзекаваўся над безахоўнымі жанчынамі, хто забіваў і асуджаў на безвыходную смерць старых і дзяцей. Прабачэння няма і не будзе. Пацвярджэнне гэтаму – абноўлены па ініцыятыве нашых людзей сапраўды народны мемарыял, – падкрэсліў губернатар. 

Першыя званочкі з'явіліся на сімвалічным "дрэве памяці", якое ўсталявалі на мемарыяльным комплексе – сімвал таго, як лёгка знішчыць чалавечае жыццё і як важна шанаваць і захоўваць мір на зямлі. 

– Мы не павінны гэтага забываць. Трэба як мага часцей прыходзіць сюды самім, прыводзіць дзяцей і ўнукаў, паказваць і расказваць, што такое фашызм і нацызм. Крымінальная справа аб генацыдзе беларускага народа паказвае, што кожны з 1133 дзён акупацыі – гэта дзень гвалту, забойства і катавання. Гэтыя дні павінны заставацца ў нашым сэрцы. За гады акупацыі на тэрыторыі Беларусі было створана больш за 580 лагераў смерці. Ні адна краіна свету ніколі не падвяргалася такой жорсткасці. Разам з тым мы стаім напярэдадні 80-годдзя вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сёння як ніколі важна згуртавацца, змагацца за нашу праўду і справядлівасць, – падкрэсліў Андрэй Швед. 
Памяць аб загінуўшых ад рук фашысцкіх катаў удзельнікі мітынгу ўшанавалі хвілінай маўчання, да манумента ляглі кветкі і вянкі. Каля памятнага знака ваенным медыкам правялі малебен. 

Сведка тых страшных падзей, былы непаўналетні вязень Азарыцкага лагера Уладзімір Гардзіенка, назваў дзень вызвалення сваім другім днём нараджэння і ўспомніў, як салдаты Чырвонай Арміі выводзілі змучаных вызваленых па вузкай размініраванай дарожцы. 

Настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Антонаўскай сярэдняй школы Калінкавіцкага раёна Уладзіслаў Саўчкоў ад імя моладзі рэгіёна паабяцаў, што маладое пакаленне ўсімі сіламі не дапусціць паўтарэння гісторыі і не забудзе зверстваў фашысцкіх катаў.
К СПИСКУ НОВОСТЕЙ