Грамадства
Мазыр з рабочай паездкай наведаў памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Руслан Пархамовіч
21.03.2025

Праграма знаходжання пачалася з сустрэчы з калектывам філіяла «Аўтобусны парк Nº 2» ААТ «Гомельаблаўтатранс».
У размове прынялі ўдзел старшыня Мазырскага райвыканкама Алена Паўлечка, генеральны дырэктар ААТ «Гомельаблаўтатранс» Дзмітрый Старасценка.
Руслан Пархамовіч абмеркаваў з мазырскімі транспартнікамі актуальныя пытанні. Адзін з іх тычыўся рамонту дарог. Прагучала, што сёлета на рамонт дарожнага палатна Мазыршчыны выдзелена 1 мільён 170 тысяч рублёў. Ямачны рамонт будзе выкананы да 1 мая. Маштабныя работы будуць весці перш за ўсё ў мікрараёнах індывідуальнай жылой забудовы.
Памочнік Прэзідэнта азнаёміўся з ходам будаўніцтва шматкватэрных жылых дамоў у новым раёне па вуліцы Рыжкова.
– Новы трэнд у будаўніцтве – пераход на якасць. Мы навучыліся будаваць шмат і хутка, выконваць праграмы, але трэба пераходзіць да пытанняў якасці. Гэта і стан будаўнічых пляцовак, і вынік працы будаўнікоў. У якую б катэгорыю ні ўваходзілі нашы грамадзяне, яны чакаюць ад нас камфорту, і будаўнікі павінны гэта забяспечыць, – адзначыў у гутарцы з журналістамі памочнік Прэзідэнта.
Ён падкрэсліў, што ўсе планы па будаўніцтве ў мінулым годзе ў раёне паспяхова рэалізавалі.
– На бягучы год цалкам праглядаецца перспектыва ў будаўнічай галіне. Мазыр вобласць не падвядзе, – рэзюмаваў Руслан Пархамовіч.
У Мазырскім райвыканкаме памочнік Прэзідэнта правёў прыём грамадзян, на які запісаліся пяць чалавек. Жыхароў раёна хвалявалі пытанні землекарыстання і рэгістрацыі нерухомасці, асфальтавання дарогі.
Гамяльчанін расказаў пра парушэнні пры перадачы ў арэнду ўчастка ракі Сож.
Па ўсіх пытаннях, якія патрабуюць паглыбленага вывучэння, памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці даў адпаведныя даручэнні.