Грамадства
Лясгасы Гомельскай вобласці прапануюць набыць святочныя дрэвы
13.12.2023

Навагоднія дрэвы (яліны і хвоі) лясгасы вобласці пачнуць прадаваць з 22 снежня. З 15 снежня і 19 снежня яны з'явяцца ў «Лясной хатцы» Мазыра і Гомеля адпаведна.
Як расказалі ў Гомельскім ДВЛГА, да зімовых свят работнікі лесагаспадарчых устаноў падрыхтаваліся грунтоўна: могуць рэалізаваць каля 15 тысяч дрэў.
Акрамя ёлак і сосен, прадаваць будуць букеты з лапак, дрэвы ў кадках. Іх можна купіць на складзе лясгасаў і лясніцтваў, на гандлёвых кірмашах.
У сярэднім па рэгіёне цэны прыблізна аднолькавыя: дрэва да метра будзе каштаваць каля 8 рублёў, ад метра да двух – прыкладна 10 рублёў, ад двух да трох метраў – каля 14 рублёў. На ёлачным рынку кошт будзе на пару рублёў вышэй.