Лепшым студэнтам вобласці стала Лізавета Хорава з Гомельскага медуніверсітэта

За права прадстаўляць рэгіён на рэспубліканскім этапе конкурсу "Студэнт года" змагаліся сямёра студэнтаў з усіх вышэйшых навучальных устаноў Гомельшчыны.
Сярод журы – першы сакратар абкама БРСМ Юлія Ліпоўская, дырэктар рэгіянальнага цэнтра прававой інфармацыі Гомельскай вобласці Яўгенія Майсейкіна, прадстаўнік фотастудыі "Нуар" Антон Сушко, кіраўнік тэатра танца "Diva" Алег Чарнышоў.
Конкурс праходзіў у чатыры этапы. Першы – візітоўка на тэму"Я – студэнт будучыні". Да самапрэзентацыі ўдзельнікі падышлі творча. Напрыклад, прадстаўніца ГГТУ імя П. В. Сухога пры дапамозе бліскавак і клею стварыла аўтапартрэт. Студэнт ГДУ імя Ф. Скарыны Аляксей Пікас прадставіўся гледачам у зале праз тэатральную сцэнку, а Лізавета Храпунова з БелДУТа ўпрыгожыла народным танцам класічнае красамоўніцкае выступленне. Лізавета Хорава з Гомельскага медуніверсітэта заваявала журы глыбокімі разважаннямі пра мінулае, сучаснасць і будучыню.
Другое выпрабаванне для юнака і шасці дзяўчат – інтэлектуальны конкурс "Не расстануся з камсамолам, буду вечна маладым". Пытанні былі прысвечаны юбілею ВЛКСМ.
Не менш уражлівым стаў этап творчых выступленняў. Напрыклад, Кацярына Васіленка з МІПСА падарыла гледачам пачуццёвы танец, а студэнтка Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П. Шамякіна Вольга Стральцова прадэкламіравала верш.
На заключным этапе канкурсанты абаранялі свае сацыяльныя праекты.
Лепшым студэнтам вобласці стала будучы ўрач Лізавета Хорава, другое месца заняла Вольга Стральцова, трэцяе – Марыя Шаўчэнка, а тытул "Студэнт года Onlinе" заваявала Лізавета Храпунова.