Грамадства
Лепшыя з лепшых: сталі вядомы імёны пераможцаў конкурсу «Жанчына года» Гомельскай вобласці
07.03.2025

У Гомелі прайшоў традыцыйны ўрачысты прыём старшыні аблвыканкама Івана Крупко да Дня жанчын. Губернатар павіншаваў прыгожых прадстаўніц рэгіёна з надыходзячым святам, а творчыя калектывы падарылі святочны канцэрт.
– Мы адзначаем гэты дзень як свята вясенняга абнаўлення і жаноцкасці. Гомельская вобласць ганарыцца сваімі жанчынамі. Сёння тут сабраліся тыя, хто на сваіх плячах трымае эканоміку прадпрыемстваў, хто цяжкай працай забяспечвае нашу харчовую бяспеку, хто акружае пяшчотай і клопатам дзяцей. Кожная з вас заслугоўвае гордага звання «Жанчына года», – падкрэсліў у сваім выступленні кіраўнік рэгіёна.
Напярэдадні свята вясны, прыгажосці і руплівасці восем жанчын Гомельскай вобласці атрымалі з рук старшыні аблвыканкама Івана Крупко ордэн Маці. Повар, ахоўнік, бібліятэкар, сацработнік — шматдзетныя мамы прадстаўляюць самыя розныя прафесіі. Але аб'ядноўвае іх адно: усе яны гадуюць пяцярых і больш дзяцей, праяўляюць чуласць да ўсіх, каго акружаюць. Кожнай хапае часу на работу, вучобу, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці краіны, выхаванне годных грамадзян Беларусі.
Шматдзетная мама Марына Шага з Нараўлянскага раёна выхоўвае шасцярых дзяцей. У яе трое дзяўчынак і трое хлопчыкаў, ёсць двайняткі. Старэйшыя дапамагаюць выхоўваць малодшых. Дзеці займаюцца ў гуртках у мясцовым клубе, а разам з мамай яны гуляюць, малююць, лепяць:
– Ніколі не думала, што мне дадуць такую ўзнагароду і я атрымаю гэты ордэн. Але сёння я трапіла на прыём і мне яго ўручылі. Усё было супер, мне вельмі спадабалася, як прынялі. Дзякуй дзяржаве за такую ўвагу да матуль.
Сталі вядомы і імёны пераможцаў абласнога конкурсу «Жанчына года», які праводзіцца на Гомельшчыне больш за 20 гадоў. У гэтым годзе заяўкі падалі больш за 90 чалавек. Выбралі самых годных з самых годных.
У намінацыі «Паспяховы кіраўнік» перамагла Наталія Завіцкая, дырэктар ААТ «Фінансавы рай» Светлагорскага раёна. У намінацыі «Актыўная грамадзянская пазіцыя» пераможцай стала Ірына Абрамцава, намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце, кадрах і быту ААТ «Камінтэрн», у намінацыі «Не старэюць душой ветэраны» — Кацярына Варабей, дырэктар гісторыка-краязнаўчага музея Гомельскага раёна.
«Гаспадыняй вёскі» прызнана Алена Малашкіна, галоўны заатэхнік ААТ «Звязда» Чачэрскага раёна. У намінацыі «Духоўнасць і культура» перамагла Ірына Цяпугіна, дырэктар абласнога цэнтра інклюзіўнай культуры, у намінацыі «Сэрца аддаю людзям» — Ларыса Папкова, начальнік аддзела адукацыі Мазырскага райвыканкама.
Уладальніцай тытула «Мацярынская слава» стала Алена Змушко, намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Калінкавіцкага райвыканкама.
У прыёме прыняла ўдзел член Савета Рэспублікі, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зянкевіч.