Грамадства
Кіраўнік спраў Гомельскага аблвыканкама Алена Клічкоўская правяла прамую лінію
11.03.2024

З просьбай разабрацца ў сітуацыі звярнуліся 16 грамадзян.
Першы званок паступіў ад Марыны Робертаўны з Яроміна. Па словах грамадзянкі, у аграгарадку праблемы з якасцю пітной вады, ёсць прэтэнзіі і да працы камунальных службаў.
Прыпынак грамадскага транспарту пасля размяшчэння побач з ім бака для смецця ператварыўся ў звалку. Таксама жанчына прасіла разабрацца з графікам руху аўтобуса маршруту № 38э «Вакзал – Вуліца Сурганава». Адзначалася, што праз нязручны расклад і невялікую колькасць рэйсаў людзі не паспяваюць своечасова на работу. Па гэтай жа прычыне ўзнікаюць праблемы і ў школьнікаў. Сітуацыя ўзята на кантроль.
З праблемай водазабеспячэння звярнуўся гамяльчанін Сяргей Васільевіч. Недастатковы ціск у сістэме прыводзіць да таго, што ў шматлікіх жыхароў, якія пражываюць па праспекце Леніна, не дзейнічаюць газавыя калонкі і, як следства, адсутнічае падагрэў вады. Звароты ў ЖКГ і службу 115 не далі належнага выніку. Заяўка маецца, аднак праблема не вырашаецца больш за пяць месяцаў. Разабрацца ў сітуацыі даручана камунальным службам.
Міхаіл Уладзіміравіч з вёскі Велаўск Мазырскага раёна наракаў на немагчымасць дабрацца кароткім шляхам у Петрыкаў, дзе ў яго пражываюць дзеці. Пераадольваць адлегласць у 180 кіламетраў яму, як і іншым жыхарам сталага ўзросту, цяжка. Дарога па рацэ ў разы карацейшая – усяго каля 8 кіламетраў, але для гэтага трэба арганізаваць водны транспарт. Менавіта з такой просьбай звярнуўся пенсіянер. Пытанне ў бліжэйшы час абмяркуюць са старшынямі Мазырскага і Петрыкаўскага райвыканкамаў.
Падазрэннямі ў ашуканскіх дзеяннях з боку перасяленцаў з Расіі падзялілася жыхарка вёскі Славені Магілёўскай вобласці Марыя Фёдараўна. Сярод пацярпелых аказалася яе сваячка з Буда-Кашалёўскага раёна. Жанчына сцвярджала, што расіяне несумленным шляхам завалодалі нерухомасцю і маёмасцю пенсіянеркі. Па дадзеным звароце УУС Гомельскага аблвыканкама будзе праведзена праверка.
Аляксей Пятровіч з абласнога цэнтра завастрыў увагу на праблеме невыканання ўладальнікамі сабак умоў выгулу хатніх жывёл. Рабіць заўвагі вырашыцца далёка не кожны. Штрафаваць парушальнікаў упаўнаважана ЖКГ, але зрабіць гэта праблематычна. Пакуль культура і свядомасць гамяльчан вымушае жадаць лепшага, пенсіянер прапанаваў узмацніць сістэму штрафаў, а таксама пашырыць круг асоб, упаўнаважаных яе ўжываць.
У ходзе прамой лініі таксама разгледжаны пытанні аховы здароўя, працаўладкавання, прадастаўлення зямельных участкаў, падтаплення падворкаў, пасадкі дрэў і добраўпарадкавання праспекта Перамогі, стану веласіпедных дарожак у раёне Усходняга абходу, транспартных зносін з Бранскай вобласцю і работы сайта аўтавакзала, якасці хлебабулачных вырабаў, аказання паслуг, звязаных з пасажырскімі перавозкамі.
Усе звароты ўзяты на кантроль.