Грамадства
Кіраўнік спраў аблвыканкама Аляксей Васючэнка правёў прамую лінію
11.08.2025

Першай датэлефанавалася Зоя Мікалаеўна з Жыткавічаў. Пенсіянерка расказала, што з даху суседскага будынка на яе тэрыторыю трапляе вада і падмывае фундамент. Яна просіць дапамогі, бо ніякія размовы і скаргі ў кампетэнтныя органы не дапамаглі вырашыць праблему.
Гамяльчанку Ірыну Генадзьеўну турбуе арганізацыя дарожнага руху па вуліцы Горкага, куды апошнім часам перанакіроўваюцца вялікія транспартныя патокі з-за рамонту дарогі па вуліцы Палескай. Адказныя службы спрабуюць выправіць сітуацыю, усталёўваючы і змяняючы дарожныя знакі на гэтай тэрыторыі, але нічога не дапамагае. Як патлумачыла Ірына Генадзьеўна, рух будзе закрыты як мінімум да 27 жніўня, а мясцовым жыхарам цяжка перасоўвацца праз адсутнасць тратуара.
Сяргей Іванавіч з абласнога цэнтра ўжо 35 гадоў пражывае ў кватэры па вуліцы Сухога. Апошнія тры гады пенсіянеру давялося правесці ў бальніцах праз праблемы са здароўем. За гэты час сусед нібыта самавольна ўсталяваў металічныя дзверы на ўваходзе ў падвальную ячэйку Сяргея Іванавіча. "Новы ўладальнік" памяшкання адмовіўся ісці насустрач і вырашаць пытанне мірна.
Муж гамяльчанкі Тамары Ігнацьеўны спачывае на Паўднёвых могілках у Навабеліцы. Пенсіянерка паскардзілася, што шлях да месца пахавання зарос калючай травой, даводзіцца доўга шукаць, як прайсці. Яна просіць ліквідаваць дзікую расліннасць як мага хутчэй.
Алена Віктараўна, жыхарка аграгарадка Старое Сяло Веткаўскага раёна, папрасіла аб дапамозе. Апошнія тры тыдні маршрутнае таксі стала нашмат радзей дабірацца да іх населенага пункта. Аўтобусы ходзяць толькі два разы на тыдзень, у суботу і нядзелю. Даводзіцца лавіць машыны на трасах. Перавозчык завярае, што праблемы ўзніклі з-за таго, што маршрутка трапіла ў аварыю і знаходзіцца ў рамонце.
Міхаіл Іванавіч з абласнога цэнтра звярнуўся з прапановай. Нядаўна ён чытаў у СМІ, што ў Гомелі плануецца ўстаноўка помніка вялікаму палкаводцу Канстанціну Ракасоўскаму. Мужчына лічыць, што гэтага недастаткова, і ў нашым горадзе павінен з'явіцца праспект, названы ў гонар маршала. Ён прапанаваў перайменаваць вуліцу Інтэрнацыянальную.
Сваёй праблемай падзялілася Наталля Мікалаеўна з аграгарадка Рамзы Ельскага раёна. Раней пенсіянерка сябравала з суседам, але цяпер паміж імі варожасць. Усяму віной розныя пабудовы, якія мужчына ўстанаўлівае на мяжы з яе участкам. З-за дрывянікаў суседа, па словах Наталлі Мікалаеўны, у яе двары стаіць вада.
Іншыя пытанні тычыліся рамонту асфальту ў пасёлку Ільіч Рагачоўскага раёна і ў аграгарадку Урыцкае Гомельскага раёна, кампетэнтнасці супрацоўнікаў АУС Жлобінскага райвыканкама, устаноўкі камер відэаназірання па вуліцы Маладзёжнай ва Урыцкім, дрэнных умоў пражывання ў маласямейцы па вуліцы Уладзімірава ў абласным цэнтры, асвятлення двара па вуліцы Сялянскай у Гомелі, рашэння тэрытарыяльнай спрэчкі з суседзямі ў Светлагорску, дапамогі па ўходзе за хворым сваяком з Буда-Кашалёўскага раёна, закрыцця класа па навучанні трактарнай справе ў Мышанскай СШ Петрыкаўскага раёна, пакосу травы ў пасёлку Грушаўка Добрушскага раёна, работы аўталаўкі ў вёсцы Грычынавічы Жыткавіцкага раёна і адкрыцця магазінаў у вёсцы Новая Мільча Гомельскага раёна.
Кіраўнік спраў аблвыканкама Аляксей Васючэнка ўважліва выслухаў тых, хто звярнуўся. Усе пытанні ўзяты на кантроль, адказным асобам дадзены даручэнні.