Грамадства
Карына Мурашка атрымала з рук старшыні аблвыканкама Івана Крупко насенне кавуна з прэзідэнцкай бахчы
29.03.2025

Губернатар падкрэсліў, што школьніца з Гомельскага раёна з'яўляецца прыкладам мэтанакіраванай, актыўнай і таленавітай моладзі паўднёва-ўсходняга рэгіёна.
– Наш Прэзідэнт заўсёды падтрымлівае моладзь, а дзяржава стварае неабходныя ўмовы, каб падрастаючае пакаленне развівалася і магло рэалізаваць свае самыя смелыя ідэі і праекты. Твой ліст дайшоў да Прэзідэнта і знайшоў станоўчы водгук. Сваёй просьбай ты з аднаго боку здзівіла аднакласнікаў і жыхароў вобласці, а з другога паказала, што няма нічога немагчымага, – адзначыў Іван Крупко.
Кіраўнік рэгіёна выказаў упэўненасць, што мара Карыны збудзецца і яна зможа падзяліцца ўраджаем з тымі, хто ў гэтым мае патрэбу.
Школьніца падзялілася з журналістамі першымі эмоцыямі:
– У мяне вельмі шмат уражанняў. Я шчаслівая! Нават ногі дрыжаць, праступаюць слёзы радасці. Буду сеяць насенне на сваім прысядзібным участку разам з бацькамі, будзем актыўна працаваць. Гэта будзе мой першы вопыт, кавуны да гэтага не вырошчвала. Да гэтага з мамай гадавалі кветкі – ружы, цюльпаны і гваздзікі, а таксама часнок, кроп, базілік.
Карына прызналася, што з дзяцінства бацькі прывівалі павагу да традыцый, культуры і гісторыі сваёй краіны. Разам яны ўдзельнічаюць у патрыятычных акцыях, дзяржаўных святах. А па вечарах глядзяць тэлевізар:
– Аднойчы ўбачыла, як Аляксандр Лукашэнка з сынам Мікалаем вырошчваюць кавуны і перадаюць дзецям у інтэрнат. Вырашала зрабіць так, як яны.
Разам з насеннем старшыня аблвыканкама падарыў юнаму патрыёту кнігу «Наш Прэзідэнт».
Бацькі Карыны расказалі, што сёння правядуць суботнік на ўчастку, які ўжо падрыхтавалі для пасадкі кавуноў.
– Ліст Аляксандру Лукашэнку Карына напісала сама ў сярэдзіне лютага, вельмі хацела павіншаваць яго з перамогай на выбарах. Нас толькі папрасіла дапамагчы знайсці адрас. Адказ прыйшоў вельмі хутка, вы бачылі эмоцыі дачкі. Мы рады, што ўсё так склалася, – выказаў падзяку кіраўніку дзяржавы папа Дзмітрый Мурашка.
Сёння сям'ю пазнаёмілі з Тамарай Сідарэнка, кандыдатам сельскагаспадарчых навук, дацэнтам, загадчыкам аддзела бульбаводства і пладаводства абласной сельскагаспадарчай доследнай станцыі НАН Беларусі. Спецыялісты станцыі падкажуць, што трэба для паспяховага вырошчвання кавуноў.
– Культура няпростая, важна вытрымаць усе тэхналагічныя нормы і тэрміны. Азнаёмцеся з біялогіяй культуры, патрабаваннямі да догляду за ёй. Мы пры неабходнасці падрыхтуем памятку і дапаможам у суправаджэнні, – запэўніла Тамара Сідарэнка.