Грамадства
Каля мемарыяла «Партызанская крынічка» перапахавалі астанкі 47 чалавек, расстраляных у гады Вялікай Айчыннай вайны
11.04.2024

Ушанаваць памяць загінуўшых сабраліся прадстаўнікі кіраўніцтва Гомельскага раёна, праваахоўных органаў, духавенства, працоўных калектываў, навучэнцы і студэнты.
Астанкі знойдзены восенню мінулага года на дзявятым кіламетры шашы Гомель – Чарнігаў паблізу пасёлка Чонкі. Згодна з заключэннем судмедэкспертаў яны належаць 47 людзям ва ўзросце ад 45 да 80 гадоў. Гэта не толькі жыхары Гомельшчыны, але і еўрапейскія яўрэі, якіх прывезлі сюды ў студзені 1942 года. Устаноўлена, што практычна ўсе загінулі ад агнястрэльнага ранення ў патыліцу.
– Мы знаходзімся ў журботным месцы, дзе 80 гадоў таму расстрэльвалі ні ў чым не вінаватых мірных жыхароў у часы фашысцкай акупацыі. Сімвалічна, што сабраліся менавіта сёння – у Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў, – падкрэсліў пракурор Гомельскай вобласці Віктар Марозаў. – Аддаём даніну тым, чые душы ўсе гэтыя гады заклікалі да годнага ўвекавечання.
Паніхіду па ўсіх загінуўшых адслужыў архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан. Ён падкрэсліў, што мы абавязаны шанаваць памяць загінуўшых незалежна ад таго, якой веры яны прытрымліваліся.
– Гэтая зямля заліта крывёю бязвінных людзей, жахаў 80-гадовай даўніны нельга дапусціць надалей, – адзначыў Стэфан. – Вечнай памяці ўсім, чые астанкі спачываюць тут. Толькі ў яднанні, веры і мужнасці мы можам абараніць і захаваць нашу зямлю.
Удзельнікі цырымоніі ўсклалі вянкі і кветкі да памятнага мемарыяла. Навучэнцы гімназіі № 14 Гомеля перакананы, што маладому пакаленню важна ведаць аб трагічным перыядзе нашай гісторыі, бо ад гэтага залежыць будучыня мірнай Беларусі. Старшакласнік Міхаіл Галкоўскі ўпэўнены, што мы павінны не дапускаць памылак мінулых дзён і захоўваць мір на беларускай зямлі. З ім згодна і Ксенія Ераніна, якая лічыць, што памяццю аб мінулым пракладваецца дарога ў будучыню.
Потым пракурор Гомельскага раёна Аляксандр Шынкароў запрасіў гім-назістаў да месца раскопак і правёў экскурсію. Ён расказаў, што за апошнія два гады гэтыя месцы наведалі больш за 15 тысяч чалавек з розных краін, у тым ліку і заходніх. Рабятам паказалі прадметы, знойдзеныя ў расстрэльных ямах, і адказалі на ўсе пытанні.