Грамадства
Юрый Горлаў сустрэўся з працоўным калектывам Петрыкаўскага рудаўпраўлення ААТ «Беларуськалій»
21.02.2025

Вынікі пяцігодкі, якая завяршаецца, як аснова стратэгіі паспяховага развіцця нашай краіны, сталі галоўнай тэмай абмеркавання ў рамках сустрэчы памочніка прэзідэнта – інспектара па Гомельскай вобласці Юрыя Горлава з петрыкаўчанамі.
Адзначалася, што нават ва ўмовах непрадказальнасці сучасных геапалітычных працэсаў і санкцыйнага ціску, наша краіна не толькі выстаяла, але і стала мацнейшай.
Юрый Горлаў акцэнтаваў увагу на эканамічных поспехах, высокіх тэхналогіях у медыцыне, якасці адукацыі, згадаў мінулую выбарчую кампанію, падкрэсліўшы важнасць удзелу кожнага грамадзяніна ў фарміраванні дзяржаўнай палітыкі.
– Мы павінны шанаваць тое, што маем, імкнуцца да лепшага і разумець, што мы жывем у мірнай і квітнеючай краіне, – адзначыў памочнік Прэзідэнта.
Ён таксама дадаў, што 2025 год стане пачаткам новага этапу развіцця, а пяцігадовы план якасці – гэта наша агульная мэта, і толькі разам мы зможам яе рэалізаваць.
У рамках адкрытага дыялогу з прадстаўніком улады ўсе жадаючыя змаглі задаць пытанні, якія іх цікавяць. Закраналіся тэмы транспартных чыгуначных зносін паміж раённым цэнтрам (станцыя Муляраўка) і Мінскам, аўтобусных прыпынкаў у мікрараёне Дружба, летняга рэжыму работы паромнай пераправы праз раку Прыпяць у напрамку в. Вялаўск, аўтадарогі Петрыкаў – Мазыр, недахопы ў рабоце службы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, праца гарадскога транспарту ў Мазыры і іншыя.
Што тычыцца чыгуначнай сувязі – гэтая тэма ўжо прапрацоўваецца раённай адміністрацыяй і дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святланай Сянько. У найбліжэйшыя пяць гадоў разглядаецца пытанне запуску электрарэйсавага транспарту.