Грамадства
Як будзе святкавацца Дзень Незалежнасці на Гомельшчыне
13.06.2024

Пасяджэнне аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў, прысвечаных Дню Незалежнасці і 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, прашло ў аблвыканкаме пад старшынствам губернатара Івана Крупко.
– Галоўнае свята беларускай дзяржаўнасці ў гэтым годзе авеяна асаблівай веліччу – 80 гадоў мы жывем пад мірным небам. Чым далей сыходзіць у мінулае самая кровапралітная ў гісторыі чалавецтва вайна, тым мацней наша памяць пра яе. Гэтая памяць з'яўляецца наймагутнейшай духоўнай скрэпай, якая аб'ядноўвае жыхароў Беларусі, – падкрэсліў кіраўнік рэгіёна.
Старшыня аблвыканкама адзначыў, што прыклад герояў-вызваліцеляў, іх нязломная мужнасць заўсёды будуць маральным арыенцірам для многіх пакаленняў беларусаў:
– Важна захаваць гэтую спадчыну і мірнае неба для падрастаючых пакаленняў.
У Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа, 22 чэрвеня, сотні жыхароў рэгіёна сабяруцца ў 4 гадзіны ранку на традыцыйнай маладзёжнай акцыі «Ніхто не забыты, нішто не забыта» па вуліцы Баўмана ў Гомелі.
У 11.40 на плошчы Труда ў абласным цэнтры пройдзе мітынг-рэквіем, удзельнікі якога далучацца да Усебеларускай хвіліны маўчання.
Памятны дзень працягнецца адкрыццём абноўленага музея мемарыяльнага комплексу «Ала», што размешчаны ў Светлагорскім раёне. Гасцей чакае вячэрні канцэрт-рэквіем з удзелам гомельскіх гарадскіх аркестраў. Плануецца, што ў мерапрыемстве прыме ўдзел не менш за тысячу чалавек.
– Ахова грамадскага парадку – галоўнае пытанне. Бяспека людзей павінна быць забяспечана на сто працэнтаў, – патрабаваў ад сілавога блока Іван Крупко.
У дзень 80-годдзя пачатку аперацыі «Баграціён» на Гомельшчыне стартуе рэспубліканская акцыя «Дарогамі славы».
На мемарыяльным комплексе «Баграціён» у Светлагорскім раёне 23 чэрвеня сабяруцца прадстаўнікі ўлады, удзельнікі патрыятычнага аўтапрабегу, маладзёжнага фестывалю.
Тут плануецца правядзенне ўрачыстага мітынгу, ваенна-гістарычнай рэканструкцыі, работа тэматычных лакацый і выстаў, палявога кінатэатра.
У гэты дзень сябры грамадскага аб'яднання «Патрыёты Беларусі» ўсталююць лічбавую зорку ў Парычах на месцы брацкай магілы савецкіх салдат.
Акцыя працягнецца на цэнтральнай плошчы ў Светлагорску, дзе прадэманструюць фільм «Час вярнуцца», правядуць ваенна-гістарычны лекторый і канцэрт зорак беларускай эстрады.
Да 25 чэрвеня плошча Паўстання ў Гомелі будзе гатова да ўрачыстага адкрыцця пасля рэканструкцыі.
У ходзе пасяджэння аргкамітэта прынята рашэнне, што помнік ахвярам генацыду тут будзе адкрыты 1 ліпеня.
Напярэдадні Дня Незалежнасці пасля рамонту будзе адкрыты шэраг значных аб'ектаў, муралы з выявамі Барыса Царыкава і Галіны Дакутовіч.
У Дзень Незалежнасці святочныя пляцоўкі разгорнуцца ва ўсіх раёнах вобласці. У Гомелі пройдзе шэсце па вуліцы Савецкай да плошчы Труда, дзе запланаваны мітынг. Далей святкаванне перамесціцца на плошчу Леніна. Завершыцца дзень акцыяй «Праспяваем гімн разам» і феерверкам.
– Мерапрыемства будзе сур'ёзным і масавым. Засталося прапрацаваць дэталі. Асабліва важна паказаць жыхарам рэгіёна дасягненні нашых прадпрыемстваў, для гэтага правядзем парад і выставу навінак тэхнікі прамысловых гігантаў, – рэзюміраваў старшыня абласнога выканаўчага камітэта Іван Крупко.