Грамадства
Іван Крупко правёў прыём грамадзян у Гомелі
07.02.2024

Да старшыні аблвыканкама Івана Крупко з пытаннямі і прапановамі звярнуліся сем чалавек. Жыхары вобласці прасілі павялічыць частату рэйсавых аўтобусаў, дапамагчы вырашыць спрэчку з суседзямі, добраўпарадкаваць вёску, выдзеліць дадатковы зямельны ўчастак.
Алігаджы Магамедавіч з вёскі Старая Беліца Гомельскага раёна наракае на недастатковую колькасць аўтобусаў са свайго населенага пункта ў абласны цэнтр:
– У мяне дыябет, я інсультнік, мне трэба часта ездзіць да лекараў. Першая маршрутка едзе ў сем раніцы, а наступная толькі пасля абеду. Каб патрапіць да вас на прыём, у Гомель прыехаў з вечара. Непакоюся за ўласнае здароўе.
Як расказаў дырэктар прадпрыемства «Гомельаблпасажыртранс» Валянцін Барысенка, яны правялі эксперымент: запусцілі дадатковыя маршруткі, але яны ездзілі пустымі. Зараз са Старой Беліцы ў Гомель зімой ходзяць па восем рэйсаў у адзін і другі бок, летам – па адзінаццаць, што забяспечвае сацыяльны стандарт, запэўніў начальнік галоўнага ўпраўлення ЖКГ аблвыканкама Дзмітрый Згурскі. Кіраўнік рэгіёна прыняў рашэнне: стварыць адмысловую камісію, праверыць частату рэйсаў на маршруце і даць заяўніку выразны адказ з тлумачэннямі.
Жыхары вёскі Даўгалессе Гомельскага раёна прыйшлі на прыём з трыма пытаннямі: адрамантаваць праезную частку некалькіх вуліц, вырашыць лёс былога лазнева-пральнага комплексу, размясціць у розных будынках ФАП і бібліятэку-клуб – іх плануюць аб'яднаць пад адным дахам, паколькі былы будынак установы культуры прызнаны аварыйным.
– Лепш пашырыць ФАП да амбулаторыі, – уносяць прапанову вяскоўцы.
Колькасць насельніцтва ў зоне абслугоўвання не дазваляе ўладкаваць амбулаторыю і замацаваць за ўчасткам урача агульнай практыкі: для гэтага патрэбна не менш як 1300 чалавек, растлумачыў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Міхаіл Змушко. Губернатар даў даручэнне галоўнаму ўпраўленню культуры зрабіць паўторнае абследаванне былога клуба, каб яшчэ раз упэўніцца ў яго аварыйнасці, на гэты час бібліятэку перанясуць ва ўстанову аховы здароўя. Пасля праверкі прымуць рашэнне.
Што тычыцца лазнева-пральнага комплексу, Гомельскі райвыканкам найбліжэйшым часам павінен увесці яго ў працу, робіць выснову Іван Крупко:
– Трэба забяспечыць бяспеку, не дапусціць пранікнення ў будынак старонніх.
Абследуюць і дарогі, пры магчымасці зробяць гравійнае пакрыццё. Калі фінансавання будзе недастаткова, то больш дэталёвую падсыпку і грэйдзіраванне ўключаць у праграму добраўпарадкавання на 2025–2030 гады.
Не згодны са зменай прозвішча дачкі гамяльчанін Бакры Махмуд: былая жонка звярнулася з заявай у органы апекі, дзіця таксама пісьмова дало сваю згоду, працэдуру правялі без парушэнняў. Аднак бацька супраць таго, што дачка носіць прозвішча айчыма. Выйсце з сітуацыі адно: звяртацца ў суд.
Раіса Іванаўна і Мікалай Рыгоравіч з аграгарадка Яроміна просяць выдзеліць дадатковы зямельны ўчастак побач са сваім домам. Аднак ён ужо выдзелены іншаму грамадзяніну, які добрасумленна карыстаецца ім больш за 20 гадоў. Цяпер ён афармляе дакументы для атрымання зямлі ў пажыццёвае карыстанне і вядзенне асабістай падсобнай гаспадаркі. Спецыялісты патлумачылі, што па законе пераважнае права мае той карыстач, які валодае дадзеным участкам доўгі час і спраўна плаціў за яго падаткі.