Грамадства
Іван Крупко павіншаваў калектыў Гомельскага вагонабудаўнічага завода са 150-годдзем
14.02.2024

Сёння старшыня аблвыканкама Іван Крупко наведаў Гомельскі вагонабудаўнічы завод.
Аб гісторыі і станаўленні прадпрыемства дырэктар завода Ігар Красноў расказаў губернатару ў музеі, дзе кіраўнік рэгіёна пакінуў водгук у кнізе ганаровых гасцей. Тут жа пагаварылі аб культурна-спартыўным жыцці калектыву, абмеркавалі сацыяльную падтрымку рабочых: утрыманне інтэрната, узровень зарплаты, умовы працы, забеспячэнне вольнага часу.
Тэму працягнулі ў здраўпункце, дзе ёсць фізіятэрапія, УГД, стаматалагічны кабінет і кабінет масажу. Апроч абслугоўвання калектыва, медыкі прапануюць платныя паслугі насельніцтву.
– Прадумайце магчымасць арганізацыі дыспансерызацыі на базе вашага пункта, – раіць Іван Крупко. – Гэта не дадатковая нагрузка, а поўнае абследаванне вашых жа работнікаў, так вы пазбавіце іх ад неабходнасці сядзець у чарзе ў паліклініцы.
Старшыня аблвыканкама азнаёміўся таксама з работай некалькіх цэхаў, убачыў вагоны да і пасля рамонту, абмеркаваў з кіраўніцтвам прадпрыемства праблемныя моманты. За сваю гісторыю завод перажыў розныя часы – былі і ўзлёты, і падзенні. Цяпер магутнасці ВБЗ загружаны, а галоўныя партнёры – Расійская Федэрацыя і Казахстан. Гатовыя выканаць і індывідуальныя заказы, такія як вагон для Куклачова, вагон-царква або цягнік у стылі рэтра.
Візіт на прадпрыемства завяршыўся традыцыйнай сустрэчай з калектывам: губернатар адказаў на пытанні і ўзнагародзіў выдатных завадчан. Гамяльчане цікавіліся, калі завершаць будаўніцтва першай чаргі Усходняга абходу, што новага з'явіцца для медыцынскага абслугоўвання насельніцтва, колькі дарог адрамантуюць у абласным цэнтры сёлета і ці з'явіцца школа ў Шведскай Горцы.
Кіраўнік рэгіёна адказаў, што пляцоўка пад забудову школы ў 59-м мікрараёне прадугледжана, аднак апошнім часам тут назіраецца тэндэнцыя зніжэння колькасці дзяцей, з-за чаго ўжо закрыта некалькі груп у суседніх дзіцячых садах. На дадзены момант месцаў ва ўстановах адукацыі на адлегласці 3–5 км хапае. Навучэнцаў падвозяць грамадскім транспартам, час рэйсаў адаптаваны пад патрэбнасць і навучальныя заняткі.
Што да дарог, у 2023 годзе капітальна адрамантаваны тры пуцеправоды, ямачны рамонт правялі на 272 вуліцах Гомеля, яшчэ 42 вуліцы прагрэйдзіравалі. На 2024 год запланаваны не меншы аб'ём фінансавання і работ, а пры выяўленні дэфектаў на зробленых участках асфальт адновяць па гарантыі. Акрамя таго, да канца года для абслугоўвання пасажыраў вобласці закупяць 100 адзінак тэхнікі, з іх 41 аўтобус і 17 тралейбусаў паставяць у Гомель.
Пыталіся і пра пешаходную вуліцу. Адказ – яе будуць уладкоўваць, цяпер разглядаюць некалькі варыянтаў, у тым ліку вуліцу Ланге ад Савецкай да Пушкіна, сквер «Дружбы» насупраць медуніверсітэта.