Грамадства
Іван Крупко адказаў на пытанні завадчан са Светлагорска
17.01.2024

Сацыяльна-эканамічнае развіццё вобласці і рэспублікі ў Год якасці старшыня аблвыканкама Іван Крупко абмеркаваў у час сустрэчы з калектывам ААТ "СветлагорскХімвалакно".
Кожны з нас не толькі спажывец, але і вытворца якасці. Таму ад таго, наколькі адказна беларусы будуць падыходзіць да сваёй работы на месцах, залежыць узровень якасці прадукцыі, зазначыў на сустрэчы старшыня камітэта эканомікі аблвыканкама Ігар Аслюк. Лячыцца, вучыцца, адпачываць едуць у Беларусь сёння тысячы замежнікаў – ці гэта не паказчык? Каб паказаць свае магчымасці і сканцэнтравацца на вытворчасці, у вобласці сфарміраваны галіновыя і рэгіянальныя планы мерапрыемстваў па правядзенні Года якасці, цяпер яны знаходзяцца на зацвярджэнні.
– Знайсці сваю нішу ўнутры краіны і за яе межамі, каб захаваць належную зарплату – вось задача кожнага прадпрыемства Гомельшчыны на гэты год, – падкрэсліў старшыня аблвыканкама. – Гэта ўнікальны этап гісторыі, калі ў нас ёсць магчымасць паглядзець на сітуацыю з новага боку, знайсці новыя экспартныя рынкі. Час выбраў нас, кожны з нас на сваім месцы можа атрымаць прадукт, даведзены да дасканаласці.
Перад сустрэчай кіраўнік рэгіёну пабываў у цэхах прадпрыемства, азнаёміўся з узорамі прадукцыі, у тым ліку інавацыйнай. Улічваючы разнастайнасць асартыменту, яго ўнікальнасць і канкурэнтаздольнасць, "СветлагорскХімвалакно" можа адным з першых у рэгіёне прэтэндаваць на атрыманне знака якасці, які ў бліжэйшы час зацвердзіць Прэзідэнт. Акцэнт на гэтым зрабіў губернатар.
Іван Крупко адказаў таксама на пытанні з залы. Завадчане пыталіся аб тым, што хвалюе ўсіх светлагорцаў: абнаўленне медыцынскага абсталявання, добраўпарадкаванне раёна.
Паколькі многія прыватныя дамы зараз пераходзяць на электраацяпленне, мясцовых жыхароў цікавіць рэканструкцыя электрасетак. Адказ станоўчы: з 2021 па 2025 год у Светлагорскім раёне запланавана рэканструкцыя электрычных сетак у 10 населеных пунктах, а таксама мадэрнізацыя 51 кіламетра ліній электраперадачы. Ужо выканана рэканструкцыя ў чатырох населеных пунктах, у планах яшчэ шэсць.
Губернатар падтрымаў ідэю павелічэння парковачных месцаў ля мемарыяльнага камплексу "Ала" – праект рэканструкцыі знаходзіцца на экспертызе і прадугледжвае пашырэнне музейнага павільёна, добраўпарадкаванне васьмі месцаў для аўтобусаў і дваццаці для легкавых аўтамабіляў, абсталяванне знадворнага асвятлення.
Пацвердзіў кіраўнік рэгіёна і будаўніцтва лыжаролернай трасы, яна з'явіцца на прылеглай тэрыторыі новага Лядовага палаца і стадыёна "Папернік". Запусціць яе плануюць улетку.
Што датычыцца гасцініцы «Светлагорск», якая даўно не выкарыстоўваецца, плануецца правесці рамонтныя работы памяшканняў, сігналізацыі і ўсталяваць відэаназіранне. Канкрэтныя тэрміны не вызначаны, але гасцінічны комплекс абавязкова ў бліжэйшай перспектыве пачне працаваць, не сумняваецца Іван Крупко.