Грамадства
Губернатарскі баль закруціў у ОКЦ сорак маладых пар з усёй вобласці
20.12.2024

Традыцыйны пераднавагодні баль для навучэнскай моладзі прайшоў сёння ў Гомелі ў суправаджэнні камернага аркестра абласной філармоніі.
Таленавітыя юнакі і дзяўчаты ў фраках і пышных спадніцах кружылі ў рытме вальса, падэграса і тампета ў фае грамадска-культурнага цэнтра. Не абышлося і без свецкіх гутарак: размовы, вядома, больш ішлі аб вучобе і святах, якія набліжаюцца.
Пераможца танцавальных конкурсаў Дзмітрый Тышкевіч і прызёр алімпіяд па беларускай мове і літаратуры Аліса Вараб'ёва з гомельскай гімназіі № 58 імя Ф. П. Гааза прызнаюцца, што танцаваць на такім мерапрыемстве крыху хвалююча, але вельмі ганарова.
– Вальс цяжэй з-за сукенкі партнёркі, яна шыкоўная і вельмі пышная, можна заблытацца, – з усмешкай заўважае Дзмітрый.
– А паланэз выконваць ганарова, таму што ва ўсе часы баль адкрывалі менавіта гэтым танцам, – дапаўняе Аліса.
Па ініцыятыве кіраўніка дзяржавы ў нашай краіне сёмы год запар праводзяцца навагоднія балі, на якія запрошаны самыя паспяховыя, працавітыя і таленавітыя юнакі і дзяўчаты. У святочны дзень у Гомелі сабраліся пераможцы алімпіяднага руху і творчых конкурсаў, спартсмены, валанцёры, лідары маладзёжных ініцыятыў. На гэтым зрабіў акцэнт старшыня аблвыканкама Іван Крупко:
– Ва ўсе часы баль – гэта высакароднасць, годнасць, гонар, прыгажосць. Гэта тэрыторыя зносін і асветы. Каб падтрымаць размову, неабходна было шмат чытаць, добра разбірацца ў мастацтве. Мы адраджаем традыцыю, якая, спадзяюся, будзе садзейнічаць выхаванню эстэтычнага густу і маральных прынцыпаў. Вы – увасабленне сучаснай Беларусі. Вы займаеце актыўную пазіцыю, генерыруеце інавацыйныя ідэі. На вас ускладаюцца вялікія спадзяванні, вам пісаць далейшую гісторыю нашай дзяржавы. Марыце, тварыце, адважвайцеся!
У святочны дзень 35 чалавек атрымалі з рук губернатара прэміі аблвыканкама за паспяховую вучобу і творчыя, спартыўныя дасягненні. Кожны ўдзельнік балю сваімі дасягненнямі праслаўляе родную Гомельшчыну ў краіне і свеце.
У адказ маладыя людзі падзякавалі кіраўніку рэгіёна за дапамогу і клопат, пажадалі пакарыць у наступным годзе ўсе запаветныя вяршыні ў адказных губернатарскіх справах.
Завяршыўся свецкі раўт выбарам караля і каралевы балю.
Удзел ва ўрачыстасці прыняла член Савета Рэспублікі, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зянкевіч.