Грамадства
Губернатарская ёлка сабрала ў Гомелі паўтары тысячы дзяцей з усёй вобласці
27.12.2023

Разам з Дзедам Марозам і Снягурачкай адораных, таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак з усяго рэгіёна з Новым годам і Калядамі павіншавалі старшыня аблвыканкама Іван Крупко і памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Горлаў.
Гомельскі цырк прыняў амаль паўтары тысячы рабят. Гэта пераможцы алімпіяд і спартыўных спаборніцтваў, творчых конкурсаў і фестываляў, валанцёры і актывісты маладзёжнага руху.
Вакол панавала навагодняя атмасфера. У фае гасцей чакалі інтэрактыўныя пляцоўкі і майстар-класы па вырабе сувеніраў, яркія фотазоны з Чабурашкам, Снежнай каралевай, Шчаўкунчыкам.
Традыцыйна ёлка пачалася з уручэння ўзнагарод аблвыканкама, іх атрымалі дзесяць юнакоў і дзяўчат.
– Год міру і стварэння запомніцца нам мноствам яркіх дасягненняў юных даследчыкаў, вынаходнікаў, спартсменаў, спевакоў, танцораў. Толькі ў творчых конкурсах школьнікі заваявалі больш за 2000 дыпломаў, 150 з якіх міжнароднага ўзроўню. Дзякуючы вашым перамогам Гомельшчына сёмы год запар становіцца лідарам у гэтым напрамку. На працягу шасці гадоў нашы школьнікі стабільна ўваходзяць у тройку алімпіяднага руху. Дзякуй вам за гэта! – падзякаваў Іван Крупко. – Няхай набыты багаж ведаў будзе моцным падмуркам у надыходзячым годзе і стане асновай для будучай прафесіі.
Адзін з узнагароджаных – Яраслаў Грабчанкаў з СШ № 63 Гомеля. Гэты год для яго запомніўся, ён стаў прызёрам абласнога і рэспубліканскага этапаў конкурсу "Добры дзень, мір!", конкурсу юных чытальнікаў "Жывая класіка":
– Упершыню на такой урачыстасці, мне падабаецца, так маляўніча і цікава. Новы год увогуле маё любімае свята. Жадаю атрымаць доўгачаканыя падарункі, каб усе былі здаровыя і шчаслівыя.
Падарункам ад кіраўніка рэгіёна для ўсіх хлопчыкаў і дзяўчынак стала сапраўдная казка – цыркавы паказ. У адказ дзеці падзякавалі губернатару за цудоўнае свята і запэўнілі, што ў наступны Год якасці ўвойдуць поўныя сіл для здзяйснення добрых спраў і прымнажэння заслуг на карысць роднай Гомельшчыны і Беларусі.