Грамадства
Губернатар Іван Крупко падзякаваў працаўнікам АПК Гомельшчыны за дастойны вынік
14.10.2024

Кожны з прысутных на дажынках у Карме, адзначыў старшыня аблвыканкама, уяўляе сабой важнае звяно ў забеспячэнні харчовай бяспекі не толькі вобласці, але і ўсёй краіны.
Паводле слоў губернатара, дзякуючы падтрымцы Прэзідэнта і ўрада сельскагаспадарчая галіна рэгіёна нават у няпростых для рэспублікі эканамічных умовах забяспечвалася дадатковымі сродкамі на насенне, паліва, захаванне раслін, будаўніцтва новых комплексаў і ферм. І аграрыі Гомельшчыны не падвялі: выйшлі ў гэтым сезоне на дастойныя паказчыкі.
Нашым лепшым, залатым кадрам АПК, дадаў старшыня аблвыканкама, расце дастойная змена. У моладзі ў аграсектары самая светлая будучыня, з года ў год радуе яе стаўленне да працы на зямлі, шчырае імкненне павышаць прафесійны ўзровень. Нядаўні IV Форум сельскай моладзі ў Рэчыцы стаў гэтаму яскравым доказам.
Свята хлебаробаў губернатар назваў сімвалам прызнання людзям самай мірнай прафесіі, якім зямля дорыць незлічоныя багацці. Далёка не кожны здольны працаваць у вёсцы, а вось плёнам сялянскай працы карыстаюцца ўсе. Будзе хлеб на стале – будзе і шчасце, дабрабыт у хаце.
Сёння перад галіной пастаўлена важная задача – не проста рухацца далей, а дабівацца больш стабільных вынікаў. Усе магчымасці для гэтага ёсць. "Гэта адзіна правільны шлях, іншага нам не дадзена", – перакананы губернатар.
Усім аграрыям вобласці Іван Крупко пажадаў моцнага здароўя, міру, дастатку, новых яркіх поспехаў і вялікіх перамог на карысць роднай Гомельшчыны і любімай Беларусі!