Грамадства
Гомельскія школьнікі змогуць прад'яўляць спецыяльную банкаўскую карту пры праездзе ў грамадскім транспарце
09.02.2024

Змяненні ў рашэнне ад 30 жніўня 2017 года "Аб дадатковых мерах па сацыяльнай падтрымцы навучэнцаў" унеслі на пазачарговым пасяджэнні абласнога Савета дэпутатаў.
Цяпер права школьніка на бясплатны праезд можа пацвердзіць не толькі даведка з установы адукацыі, але і карта навучэнца ці вучнёўскі білет, выпушчаны банкамі Беларусі.
– Сёння ўкараняецца шэраг новых разнастайных карт, якія па ўзгадненні з Міністэрствам адукацыі могуць атрымаць пашыраныя функцыі і стаць мнагамэтавым прадуктам, – растлумачыў рашэнне начальнік галоўнага ўпраўлення ЖКГ аблвыканкама Дзмітрый Згурскі. – Навучэнцы, якія маюць такую карту, змогуць паказваць яе кантралёрам.
Плацежны дакумент будзе выглядаць як звычайная банкаўская карта, толькі з надрукаваным фота дзіцяці і ўказаннем навучальнай установы. Пры жаданні бацькі змогуць пакласці на яе грошы, каб школьнік змог купіць полудзень або расплаціцца ў магазіне. Дадатковая функцыя – прад'яўленне ў грамадскім транспарце.
Такія карты ўжо ўкаранілі ў двух рэгіёнах Беларусі, зараз пачнуць выпускаць у Гомельскай вобласці.